горад, цэнтр Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Чэрвенка (Ігуменка), каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. За 62 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы. 10,8 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч., дрэваапр., лесанарыхтоўчай прамысловасці. Чэрвеньскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы: сав. воінаў, сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Свята-Мікольская царква, касцёл Узвіжання Святога Крыжа.
Вядомы з 1387 пад назвай Ігумен у складзе Мінскага пав.ВКЛ. У 1-й пал. 15 ст. мястэчка, уласнасць Кежгайлаў, з 1447 — віленскага біскупа, царк. мястэчка. У час войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай 1701—21 Ігумен разрабаваны і моцна разбураны. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 горад, цэнтр Ігуменскага павета (з 18.9.1923 Чэрвеньскага павета). 22.1.1796 горад атрымаў герб: на блакітным полі сярэбраны куст кветак і 5 залачоных пчол над ім. У вайну 1812 горад значна разбураны, у 1825 каля 900 ж., 263 дамы, 3 прадпрыемствы, 2 царквы, касцёл, 2 карчмы, 10 крам, рынак. Ў час паўстання 1863—64 тут дзейнічаў паўстанцкі атрад на чале з Б.Свентаржэцкім. У 1897 у Ігумене 4573 ж., у 1905—5121 ж., 664 жылыя дамы, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, 6 пач. школ, бальніца, аптэка і аптэчны магазін, штогод 6 кірмашоў. 18.9.1923 перайменаваны ў Ч. (ад назвы месяца). З 17.7.1924 цэнтр Чэрвеньскага р-на. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 7561 чал.; дзейнічалі падп. групы. Вызвалены 2.7.1944 воінамі 1-га і 2-га Бел. франтоў сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944.