Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТ,
шматгадовая дрэвавая расліна, якая ў адрозненне ад дрэва разгаліноўваецца каля паверхні глебы. Гал. ствол маюць маладыя расліны, потым ён губляецца сярод новых стволікаў, якія ўтвараюцца са спячых пупышак каля асновы парасткаў. Выш. К. 0,8—6 м, працягласць жыцця — да некалькіх соцень гадоў. Пашыраны ва ўсіх раслінных зонах. У лясах умеранага пояса звычайна ўтвараюць падлесак. Форму К. могуць набываць дрэвы ў неспрыяльных кліматычных і глебава-прыродных умовах. Многія К. лек. (напр., бузіна, каліна, шыпшына), харч. (напр., агрэст, барбарыс, ляшчына, парэчкі), дэкар. (напр., бружмель, брызгліна, жарновец) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКАІ́НАВЫ КУСТ, кока (Erythroxylum coca),
кветкавая расліна сям. какаінавых. Пашыраны ў горных трапічных лясах Паўд. Амерыкі. Культывуецца ў Паўд. Амерыцы і Азіі. Лісце мае ў сабе какаін (да 1,3%) і інш. алкалоіды. З куста здымаюць за год да 5 кг сухога лісця.
Вечназялёны куствыш. да 5 м. Лісце шырокаэліптычнае, суцэльнае. Кветкі па 3—15 у пазухах лісця, дробныя, жаўтавата-белыя. Плод — ярка-чырв. касцянка. Лек. расліна (аказвае танізуючае і мясц. анестэзіруючае ўздзеянне). Пры празмерным карыстанні выклікае залежнасць (какаінізм). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙВА́ (Cydonia),
род дрэў і кустоў сям. ружавых. 1 від — айва звычайная (Cydonia oblonga). Вырошчваюць у Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Усх. Азіі. На Беларусі культывуюць як пладовую і дэкар. расліну, выкарыстоўваюць таксама як каранёвы прышчэп для грушы.
Дрэва або куствыш. 1,5—8 м, ва ўмовах Беларусі куствыш. 3—4 м. Лісце круглае, авальнае ці яйцападобнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу шараватае, лямцавае. Кветкі адзіночныя, белыя, ружовыя, аранжавыя. Цвіце ў маі—чэрв., плады дробныя, залаціста-жоўтыя, апушаныя, выспяваюць у кастрычніку. Плады багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, эфірным алеем, з іх гатуюць варэнне, джэм, кампоты і інш. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлолюбівая і засухаўстойлівая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКАІ́Н,
алкалоід лісцяў трапічных раслін роду эрытраксілум (напр., какаінавы куст). Адносіцца да групы абязбольваючых сродкаў. Высокатаксічны. Выкарыстоўваецца ў парашках і растворах для мясц. абязбольвання. Пры ўжыванні ўзбуджае, потым прыгнечвае нерв. сістэму. Лячэнне К. доўгі час выклікае цягу да яго — какаінізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВО́ДАК,
частка надземнага сцябла з пупышкамі, якая на час укаранення не аддзяляецца ад мацярынскай расліны. Для атрымання вертыкальных адводак матачныя кусты абразаюць, пакідаючы пянькі выш. 2—3 см. Пасля дасягнення верт. парасткамі выш. 12—15 см кусты акучваюць вільготнай глебай 2—3 разы да ўтварэння пагорачкаў выш. 25—30 см на працягу росту расліны. Выкарыстоўваюць пры размнажэнні клонавых прышчэпаў яблыні і грушы. Размнажэнне гарызантальнымі адводкамі робіцца прышпільваннем парасткаў да зямлі і акучваннем. Выкарыстоўваюць для ягадных культур, айвы, шаўкоўніцы і інш. Дугападобныя (змеепадобныя) адводкі робяць пры размнажэнні цяжкаўкараняльных раслін з доўгім перыядам коранеўтварэння (напр., актынідыі).
Размнажэнне прышчэпаў адводкамі: 1 — гарызантальныя адводкі (а — прышпільванне галін; б — выгляд куста восенню; в — аддзелены адводак. прыдатны для пасадкі); 2 — вертыкальныя адводкі (а — зрэзаны адводак; б — куст восенню пасля 2—3 акучванняў; в — той самы куст, разакучаны для аддзялення адводкаў; г — укаранёныя парасткі).