ВЕРАБ’І́ (Passer),

род птушак сям. ткачыкавых атр. вераб’інападобных. 18 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, некаторыя віды завезены ў Паўн. і Паўд. Амерыку, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. месцы. Жывуць у населеных месцах, садах, парках, гаях, поймавых дубровах, на палях, у пустынях. На Беларусі 2 віды: верабей дамавы (Passer domesticus) і верабей палявы (Passer montanus), аселыя. Верабей палявы часткова вандроўны від.

Даўж. 12—18 см, маса 20—37 г. Апярэнне светла-шэрае, бураватае і чорнае. У самцоў многіх відаў чорная пляма на горле. Амаль усе чародныя, у перыяд гнездавання — каланіяльныя птушкі. Гнёзды пад дахамі, у нішах будынкаў, у дуплах, норах, на дрэвах. Калі кормяць птушанят, знішчаюць шмат шкодных насякомых. Дарослыя кормяцца пераважна зернем. Шкодзяць збожжавым культурам.

Вераб’і: 1 — дамавы (а — самка; б — самец); 2 — палявы.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІН (Kean),

англійскія акцёры, бацька і сын. Эдмунд (17.3.1787, Лондан — 15.5.1833), прадстаўнік англ. сцэн. рамантызму. З 1799 вандроўны акцёр, выступаў у правінцыяльных т-рах. У 1814 дэбютаваў на лонданскай сцэне ў т-ры «Друры-Лейн». Лепшы трагічны акцёр Англіі: Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Атэла, Гамлет, Макбет, Рычард III, Рычард II (усе аднайм. п’есы Шэкспіра). Яму быў уласцівы яркі сцэн. тэмперамент, экспрэсіўнасць, псіхал. паглыбленасць. Чарлз Джон (18.1.1811, г. Уотэрфард, Ірландыя — 22.1.1868). Сын Эдмунда. Вучыўся ў Ітане. Дэбютаваў у 1827 у т-ры «Друры-Лейн». У 1850—59 узначальваў т-р «Прынсес». Паставіў 20 спектакляў па п’есах Шэкспіра, у некат. іграў сам. Адзін з першых увёў у практыку працяглы паказ адной п’есы. У 1863—67 гастраліраваў у Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, ЗША.

Літ.:

Минц Н. Эдмунд Кин. М., 1957.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ФІЛД (Scofield) Пол (н. 21.1.1922, г. Херстпірпойнт, Вялікабрытанія),

англійскі акцёр. Вучыўся ў школах пры Рэпертуарным т-ры (1939, г. Кройдан) і пры т-ры «Маск» (1940—41, Лондан). З 1942 выступаў у Вандроўны.м, з 1944 у Бірмінгемскім, з 1946 у Шэкспіраўскім мемарыяльным (г. Стратфард-он-Эйван), з 1949 у інш. т-рах. Лепшая яго роля — Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Лір, Макбет (аднайм. трагедыі Шэкспіра), Томас Мор («Чалавек на ўсе часы» Р.​Болта; прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў Маскве за лепшую мужчынскую ролю ў аднайм. фільме, 1966), Траплёў, Вайніцкі («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля). З 1954 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Скарпіён», «Ганна Карэніна», «Гамлет» і інш. Гастраліраваў у СССР у 1955, 1964, 1968.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Пол Скофилд. Л., 1970.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́ЛМЕ (Skulme) Ота (8.8.1889, г. Екабпілс, Латвія —22.3.1967),

латвійскі жывапісец. Нар. маст. Латвіі (1959). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў студыях Я.​Розентала ў Рызе (1906—07), Р.​Жукоўскага і К.​Юона ў Маскве (1907—08), вучылішчы Штыгліца ў С.​Пецярбургу (1909—14). У 1926—47 гал. мастак латв. Маст. т-ра імя Я.​Райніса ў Рызе, у 1944—61 рэктар Латв. АМ Пісаў у сакавітай жывапіснай манеры нацюрморты, пейзажы, жанравыя карціны («Вандроўны музыкант», 1928), творы гісторыка-рэв. тэматыкі («Паўстанне каугурцаў», 1945). Аформіў больш за 250 спектакляў у т-ры імя Райніса, у т. л. «Агонь і ноч» Райніса (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947).

Літ.:

Лацис Р. Отто Скулме. М., 1959;

Станковая и театральная живопись О Скулме с 1920 по 1963 г.: [Каталог]. Рига, 1964.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДАБУ́РАЎ Павел Паўлавіч (27.2.1877, С.-Пецярбург — 4.3.1960),

рускі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Расіі (1940). Сцэн. дзейнасць пачаў у правінцыі ў 1899; іграў у антрэпрызе Н.​Васільевай у Мінскім гар. т-ры; выступаў у Віцебску (1919) і Гомелі (1928). У 1903 разам з актрысай Н.​Скарскай арганізаваў у Пецярбургу Агульнадаступны т-р, у 1905 на яго аснове — Першы вандроўны драм. т-р (існаваў да 1928). На сцэне абодвух ставіў спектаклі і стварыў у іх яркія сцэн. вобразы: Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. У 1933—39 кіраўнік Калгасна-саўгаснага вандроўнага Т-ра, у 1944—50 у маск. Камерным т-ры, з 1955 у Т-ры імя Я.​Вахтангава. У розныя гады паставіў усе п’есы А.​Чэхава. Аўтар кн. «На сцэне і ў жыцці» (1959, разам са Скарскай). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Miller) Артур (н. 17.10.1915, Нью-Йорк),

амерыканскі драматург. Скончыў Мічыганскі ун-т (1938). Дэбютаваў кн. нарысаў «Становішча нармальнае» (1944). У п’есах «Чалавек, якому гэтак шанцавала» (1944), «Усе мае сыны» (1947), рамане «Фокус» (1945) праблемы асобы, сям’і і грамадства, расавых і нац. узаемаадносін. Сусв. вядомасць прынесла драма «Смерць коміваяжора» (1949) — своеасаблівая інтэрпрэтацыя «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі». Аўтар п’ес «Цяжкае выпрабаванне» (1953, гіст. хроніка), «Від з моста» і «Успаміны пра два панядзелкі» (абедзве 1955), «інтэлектуальных» антынацысцкіх драм «Пасля грэхападзення» (1964) і «Гэта здарылася ў Вішы» (1965), камедыі «Стварэнне свету і іншыя справы» (1972), сац.-філас. драмы «Амерыканскі хранограф» (1980), кінасцэнарыя і аднайм. аповесці «Непрыкаяныя» (1961). У яго рэаліст. творах адчувальны ўплыў экзістэнцыялізму, «плыні свядомасці». Паводле яго п’есы «Цяжкае выпрабаванне» Бабруйскі вандроўны бел. драм. т-р (1957) і Гродзенскі абл. драм. т-р (1996) паставілі п’есу «Салемскія ведзьмы», Брэсцкі абл. драм. т-р — «Від з моста» (1959).

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1960.

Е.​А.​Лявонава.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЙФІЦ Іосіф Яфімавіч (17.12.1905, Мінск — 25.5.1995),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1964). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскі тэхнікум экраннага мастацтва (1927). З 1928 на кінастудыі «Ленфільм». У 1930—50 здымаў фільмы з А.Р.Зархі: «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Дэпутат Балтыкі» (1937; гал. прыз Міжнар. выстаўкі ў Парыжы), «Член урада» (1940), «Яго імя Сухэ-Батар» (1942, сумесна з Манголіяй), «Разгром Японіі» (1945, дакумент.). Яго самаст. рэжысёрскія работы вызначаюцца мастацтвам выразнай дэталі, адухоўленасцю, увагай да акцёрскай індывідуальнасці, тонкай інтэрпрэтацыяй рус. класікі. Сярод фільмаў: «Вялікая сям’я» (1954), «Справа Румянцава» (1956), «Дарагі мой чалавек» (1958), «Дама з сабачкам» (1960; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане, Францыя), «Салют, Марыя!» (1970), «Ася» (1978), «Упершыню замужам», «Адзіная» (абодва 1980; за апошні прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), «Шурачка» (1983), «Вандроўны аўтобус» (1990) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.

Тв.:

О кино. Л.;

М., 1966;

Фиолетовый гусь и другие киноистории. [Л., 1970].

Літ.:

Петрович А.​И.​Хейфиц. [М., 1965].

Л.​В.​Календа.

І.Я.Хейфіц.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛГА́СНА-САЎГА́СНЫЯ ТЭА́ТРЫ,

вандроўныя прафес. т-ры для абслугоўвання калгасаў і саўгасаў. Узніклі ў 1930-я г. Сродкамі тэатр. мастацтва праводзілі агітацыю і прапаганду сярод сялян. Складаліся з мясц. прафес. артыстаў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Ставілі сав. п’есы, рус. і замежную класіку, творы «малых форм». У 1934—35 і 1939 у Маскве адбыліся 2 Усесаюзныя агляды К.-с.т. На Беларусі першыя К.-с.т. ўзніклі ў 1935 у Гомелі, Барысаве, Мазыры, у 1936 — у Слуцку і Полацку, у 1937 — у Рагачове, у 1938 — у Бабруйску, Лепелі і Заслаўі, у 1939 — у Рэчыцы, у 1940 — у Дзяржынску. У іх рэпертуары нац. бел. драматургія, найб. папулярныя сав., класічныя рус., замежныя творы. Значнае месца займалі літ. кампазіцыі, мантажы, створаныя на мясц. матэрыяле. У сваёй дзейнасці т-ры працягвалі традыцыі Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, трупы У.​Галубка, выкарыстоўвалі практыку агітпаяздоў, агітбрыгад, «Сіняй блузы». У маі 1939 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. фестываль К.-с.т. З пач. Вял. Айч. вайны т-ры спынілі існаванне. У 1956—62 дзейнічаў як К.-с.т. Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ (Columbiformes),

атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; C. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.

Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.

Да арт. Голубападобныя. Галубы: 1 — каменны; 2 — белагруды; 3 — буры. Рабкі: 4 — саджа звычайная (а — самка; б — самец); 5 — белабрухі.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСІ́Я ЛО́РКА (García Lorca) Федэрыка (15.6.1898, Фуэнтэвакерас, прав. Гранада, Іспанія — 19.8.1938),

іспанскі паэт і драматург. Вывучаў філасофію, л-ру, права ў Гранадзе і Мадрыдзе. У 1931—33 узначальваў вандроўны студэнцкі т-р «Ла Барака». Расстраляны франкістамі. Творчасць Гарсія Лоркі непарыўна звязана з ісп. фальклорам, з якога ён пераняў эмацыянальную напружанасць, гукі, колеры, сімволіку і інш. Адна з гал. ідэй яго паэт. творчасці — магчымасць дыялогу паміж людзьмі, кожны з якіх уяўляе асобны свет. У зб-ках «Песні» (1927), «Цыганскае рамансэра» (1928), «Вершы пра кантэ хонда» (1931), «Дыван Тамарыта» (1936), «Паэт у Нью-Йорку» (выд. 1940) водгук рамантызму. У драматургіі Гарсія Лоркі, якая адчула ўплыў сюррэалізму, паглыблены аналіз міжсаслоўных адносін і сац. пытанняў (гераічная драма «Марыяна Пінеда», 1928; нар. фарс «Цудоўная башмачніца» 1930; трагедыі «Крывавае вяселле», паст. 1933; «Йерма», паст. 1934; п’еса «Донна Расіта, дзяўчына, альбо Мова кветак», паст. 1935; драма «Дом Бернарды Альбы», выд. 1945). На бел. мову яго творы перакладаў Р.​Барадулін.

Тв.:

Obra poética. Vol. 1—3. Barcelona, 1981—83;

Бел. пер. — Блакітны звон Гранады: Выбр. лірыка. Мн., 1975;

Рус. пер. — Избранное;

Театр;

Стихи. Мн., 1983;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986.

Літ.:

Осповат Л. Гарсия Лорка. М., 1965.

С.​В.​Логіш.

Ф.Гарсія Лорка.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)