ХЕ́ЙФІЦ Іосіф Яфімавіч (17.12.1905, Мінск — 25.5.1995),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1964). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскі тэхнікум экраннага мастацтва (1927). З 1928 на кінастудыі «Ленфільм». У 1930—50 здымаў фільмы з А.Р.Зархі: «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Дэпутат Балтыкі» (1937; гал. прыз Міжнар. выстаўкі ў Парыжы), «Член урада» (1940), «Яго імя Сухэ-Батар» (1942, сумесна з Манголіяй), «Разгром Японіі» (1945, дакумент.). Яго самаст. рэжысёрскія работы вызначаюцца мастацтвам выразнай дэталі, адухоўленасцю, увагай да акцёрскай індывідуальнасці, тонкай інтэрпрэтацыяй рус. класікі. Сярод фільмаў: «Вялікая сям’я» (1954), «Справа Румянцава» (1956), «Дарагі мой чалавек» (1958), «Дама з сабачкам» (1960; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане, Францыя), «Салют, Марыя!» (1970), «Ася» (1978), «Упершыню замужам», «Адзіная» (абодва 1980; за апошні прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), «Шурачка» (1983), «Вандроўны аўтобус» (1990) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.