Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎНЫ ГО́ЛУБ (Ectopistes migratorius),
вымерлая птушка сям. галубіных. Да 1880-х г. быў шматлікі ў лісцевых лясах на УПаўн. Амерыкі (ад Паўд. Канады да Паўн. Караліны). Рабіў пералёты вял. чародамі (да некалькіх мільярдаў асобін). Вынішчаны чалавекам у 1890-я г., бо шкодзіў с.-г. культурам і лесу. Апошні вандроўны голуб загінуў у 1914 у заапарку ЗША.
Даўж каля 30 см, размах крылаў да 65 см. Зграбная птушка з доўгім клінападобным хвастом, зверху шаравата-бурая, знізу карычнявата-чырвоная. Самка больш цёмная. Карміўся пераважна жалудамі, каштанамі, рознымі арэхамі. Зімаваў на Пд ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР, вандроўная трупа,
тэатральны калектыў, створаны для паказу спектакляў у розных населеных пунктах, пераважна там, дзе няма стацыянарных тэатраў; адна з форм нар.т-ра ў краінах Еўропы і Усходу. У розных краінах вандроўныя трупы мелі сваю назву: жанглёры (Францыя), шпільманы (Германія), менестрэлі (Англія), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь, Расія) і інш. На Беларусі ў сярэднявеччы вандроўнымі былі скамарохі, батлейка, у 19 — пач. 20 ст. — Дуніна-Марцінкевіча тэатр, Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, у 1920-я г. — агітацыйныя тэатр. калектывы (напр., Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры), паказальныя — Першы, Другі, Трэці т-ры, у Вял.Айч. вайну — франтавыя тэатр. брыгады. У канцы 1920-х — 30-я г. насельніцтва аддаленых раёнаў Беларусі абслугоўвалі Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, шматлікія калгасна-саўгасныя т-ры, Трупа У.Галубка (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у пасляваен. час — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр і інш.
Існаваў у 1956—62 у Бабруйску. Створаны як Бабруйскі бел.вандроўны калгасна-саўгасны т-р. Адкрыўся 1.1.1957 спектаклем «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Трупа складалася з акцёраў Тэатра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Гал. рэжысёр А.Аркадзьеў. Тэатр ставіў класічныя творы, п’есы бел., рус., укр. драматургаў. Найб. поспехам карысталіся спектаклі з жыцця бел. калгаснай вёскі з камедыйным гучаннем: «Цені знікаюць» С.Свірыдава, «Нячыстая сіла» Г.Стафанскага, «Чалавек вярнуўся» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага, «Вясёлка» і «Антэй» М.Заруднага, «Кухарка» і «Кухарка замужам» А.Сафронава і інш. З пач. 1960-х г. пераважалі муз.-драм. спектаклі («Небяспечны ўзрост» С.Нарыньяні, «Курортнае знаёмства» М.Віннікава, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава). 17.12.1962 рэарганізаваны ў Бабруйскі музычна-драматычны тэатр.