МІ́ЛЕР (Miller) Артур

(н. 17.10.1915, Нью-Йорк),

амерыканскі драматург. Скончыў Мічыганскі ун-т (1938). Дэбютаваў кн. нарысаў «Становішча нармальнае» (1944). У п’есах «Чалавек, якому гэтак шанцавала» (1944), «Усе мае сыны» (1947), рамане «Фокус» (1945) праблемы асобы, сям’і і грамадства, расавых і нац. узаемаадносін. Сусв. вядомасць прынесла драма «Смерць коміваяжора» (1949) — своеасаблівая інтэрпрэтацыя «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі». Аўтар п’ес «Цяжкае выпрабаванне» (1953, гіст. хроніка), «Від з моста» і «Успаміны пра два панядзелкі» (абедзве 1955), «інтэлектуальных» антынацысцкіх драм «Пасля грэхападзення» (1964) і «Гэта здарылася ў Вішы» (1965), камедыі «Стварэнне свету і іншыя справы» (1972), сац.-філас. драмы «Амерыканскі хранограф» (1980), кінасцэнарыя і аднайм. аповесці «Непрыкаяныя» (1961). У яго рэаліст. творах адчувальны ўплыў экзістэнцыялізму, «плыні свядомасці». Паводле яго п’есы «Цяжкае выпрабаванне» Бабруйскі вандроўны бел. драм. т-р (1957) і Гродзенскі абл. драм. т-р (1996) паставілі п’есу «Салемскія ведзьмы», Брэсцкі абл. драм. т-р — «Від з моста» (1959).

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1960.

Е.А.Лявонава.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)