(Wofford) Хлоя Антонія; н. 18.2.1931, г. Ларэйн, штат Агайо, ЗША], амерыканская пісьменніца. Вучылася ў Говардскім і Корнелскім ун-тах. У творчасці М. выразна выяўляецца цікавасць да этн. каранёў амер. неграў, да вытокаў нар. традыцый, міфалогіі, фальклору. Сац.-побытавыя і міфалагічныя матывы спалучаюцца ў раманах «Самыя блакітныя вочы» (1970) і «Сула» (1974). Для рамана «Саламонава песня» (1978) характэрна ўзаемапранікненне элементаў хронікі, эпасу і легенды, у раманах «Смаляная лялька» (1981),
«Любімая дачка» (1987) і «Джаз» (1992) — узмацненне міфапаэт. матываў. Аўтар зб. эсэ «Гульня ў поцемках» (1992) і інш. Нобелеўская прэмія 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБА́НАВЫЯ (Labridae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 50 родаў, да 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў трапічных і субтрапічных водах. Асобныя віды даходзяць на Пн аж да берагоў Нарвегіі. Жывуць у прыбярэжнай зоне. Найб. вядомыя гамфоз (Gomphosus varius), губан чырваназубы (Callyodon ovifrons), зелянушка (Symphodus tinca), марскі юнкер (Coris angulata) і інш.
Даўж. ад 6 см да 3 м, маса да 100 кг. Афарбоўка, асабліва ў самцоў, яркая: на жаўтаватым або зеленаватым фоне ярка-чырвоныя, блакітныя, фіялетавыя або аранжавыя палоскі і плямкі, якія мяняюцца. Губы звычайна тоўстыя (адсюль назва). Зубы на сківіцах моцныя, іклападобныя. Некат. губанавыя адкладваюць ікру ў гнёзды з водарасцей і ахоўваюць яе. Большасць корміцца бентасам (малюскамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛЯ́НКА, дуброўка (Ajuga),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца: гарлянка паўзучая (A. repens), расце пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, на лугах і палянах; гарлянка жэнеўская (A. genevensis) расце на сухіх схілах і лугах, у хваёвых лясах, каля дарог і ў ярах, занесена ў Чырв. кнігу; гарлянка пірамідальная (A. pyramidalis) трапляецца каля дарог і сцежак у хвойных лясах.
Адна-, двух- і шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце суцэльнае, сцябловае часам трохраздзельнае, супраціўнае, ніжняе часта сабранае ў прыкаранёвую разетку, суцэльнакрайняе або зубчастае. Кветкі сінія, блакітныя, ружовыя, белыя, зрэдку жоўтыя, у несапраўдных пазушных кальчаках, сабраных у коласападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Лек. (вяжучы, мачагонны, ранагаючы сродак), меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛА́ЧЫК (Nymphaea),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічным і ўмераным паясах. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык чыста-белы (N. candida) і больш рэдкі гарлачык белы, або белая вадзяная лілея (N. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.
Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным гарызантальным карэнішчам і плаваючым на паверхні вады круглавата-авальным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, рознага колеру (белыя, ружовыя, блакітныя, ліловыя і інш.), дыяметрам да 30 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва роду) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Харч., кармавыя, дубільныя, лек. і дэкар. расліны. Карэнішча мае крухмал, алкалоід німфеін, дубільныя і інш. рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́ЛІЯ (Lobelia),
род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (сапр.Ліповіч) Марк Давыдавіч
(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),
расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед.ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.Жук, М.Калачынскі, Г.Кляўко, Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НАЧ ((Mináč) Уладзімір) (н. 10.8.1922, г. Кленавец, Славакія),
славацкі пісьменнік. Засл. пісьменнік Чэхаславакіі (1970). Скончыў Браціслаўскі ун-т. Удзельнік Славацкага нац. паўстання 1944, падзеі якога адлюстраваў у рамане «Смерць блукае па гарах» (1948) і эпічнай трылогіі «Пакаленне» (1958—61). Жыццё пасляваен. Чэхаславакіі ў цэнтры аповесцей «Учора і заўтра» (1949), «Блакітныя хвалі» (1951), зб.апавяд. «На пераломе» (1954). Аўтар рамана пра моладзь «Ты ніколі не адна» (1962), сатыр. «Вытворца шчасця» (1965), зб-каў філас.-публіцыстычных апавяд. «Мядзведжы куток» (1960) і літ.-крытычных артыкулаў «Парадоксы» (1966), «Партрэты і лёсы» (1976), кінасцэнарыяў, рэпартажаў і інш. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Я.Бяганская, А.Мажэйка, У.Дамашэвіч. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1955.
Тв.:
Бел.пер. — у кн : Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Пётр) (2.7. 1800, г. Кракаў, Польшча — 9.6.1855),
польскі мастак; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся малюнку ў М.Стаховіча, Ю.Брадоўскага і Ф.Лампі ў Кракаве (1816—18), жывапісу ў Н.Т.Шарле ў Парыжы (1832—33). Удзельнік паўстання 1830—31. Ствараў батальныя і жанравыя сцэны. Творы вызначаюцца дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю вобразнага ладу, псіхалагізмам, танальнай напружанасцю, яркімі колеравымі акцэнтамі, смелай і эфектнай манерай пісьма: «Напалеон на кані» (каля 1832—37), «Схватка кірасіраў», «Пераправа артылерыі цераз раку», «Кракусы», «Бітва пад Самасьерай», «Блакітныя гусары», «Блакітны хлопчык», «Конны кірмаш» (усе 1840-я г.) і інш., серыя партрэтаў сялян («Селянін у капелюшы», каля 1846). Аўтар малюнкаў «Араб на кані», «Французскія паштальёны», «Конюх утаймоўвае першэронаў» і інш.
Літ.:
Piotr Michałowski. Warszawa, 1959;
Janoziński J. Piotr Michałowski: Życie i twórczość 1800—1855. Wrocław, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТЭ́НЗІЯ, гідрангія (Hydrangea),
род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 35 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы. На Беларусі ў культуры адкрытага грунту 3 віды: гартэнзія дрэвападобная (H. arborescens; яе стэрыльная садовая форма — f. sterilis вызначаецца пышным і працяглым цвіценнем), гартэнзія мяцёлчатая (H. paniculata) і рознашарсцістая (H. heteromala); у бат. садах і парках трапляецца таксама гартэнзія попельная (H. cinerea); у пакаёвай культуры вырошчваюць гартэнзію буйналістую, або садовую (H. macrophylla).
Кусты, невял. дрэвы выш. 3—10 м, ліяны даўж. да 25 м. Лісце яйцападобнае або эліпсоіднае, даўж. 5—10 см, на чаранках, зубчастае або пілаватае. Кветкі двухполыя, звычайна белыя, зеленавата-, ружова- ці блакітна-белыя (у садовых і пакаёвых формах бываюць блакітныя, малінавыя, ружовыя) у буйных шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для адзіночных і групавых пасадак на газонах, пры афармленні ўзлескаў, у стварэнні кампазіцый. Вільгацялюбныя расліны. Абмярзаюць у паўн. раёнах інтрадукцыі. Размнажаюць насеннем, садовыя формы — адводкамі, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі, дзяленнем куста.