СО́ЙКА звычайная

(Garrulus glandarius),

птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, М. Азіі, часткова на Д. Усходзе і Цэнтр. Азіі. Насяляе пераважна мяшаныя і лісцевыя лясы, радзей хваёвыя. На Беларусі звычайны аселы і вандроўны від; трымаецца ў лясах з падлескам і маладняком.

Даўж. да 40 см, маса да 200 г. Апярэнне спіны і брушка рыжавата-карычневая; галава і горла шаравата-белыя, на галаве цёмныя падоўжаныя стракаціны; надхвосце белае, канцы крылаў і хвост чорныя; на крылах ярка-блакітныя пёры з вузкімі, чорнымі палоскамі; па баках ад дзюбы чорныя «вусы». Корміцца жалудамі, арэхамі ляшчыны, ягадамі, таксама насякомымі. У кладцы 5—7 (зрэдку да 10) яец.

Сойка звычайная.

т. 15, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)