Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНЫЯ АЗЁРЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1972 для аховы унікальнага і надзвычай маляўнічага ўзгорыста-азёрнага прыроднага комплексу ў Беларускім Паазер’і. Пл. 1,5 тыс.га (1996).
Рэльеф — складаная сістэма озавых градаў і камавых узгоркаў, якія перамяжоўваюцца запоўненымі вадой глыбокімі ўпадзінамі. На тэр. заказніка Балдуцкая група азёраў, адметных глыбокімі катлавінамі і чыстай вадой. Лясы паўд.-таежныя хваёвыя і яловыя, пераважаюць бары і ельнікі-зеленамошнікі кіслічнага, чарнічнага, бруснічнага, верасовага, арляковага тыпаў. На вяршынях вял. узгоркаў трапляюцца лішайнікавыя хвойнікі, у падлеску — ядловец і бружмель. На невял. участках растуць бяроза павіслая, асіна, дуб, вяз. У флоры заказніка 538 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 40 рэдкіх ахоўных відаў, адзінае на Беларусі месца, дзе растуць меч-трава звычайная, цюльпан лясны і чарнакорань голы.
Азёры Глубелька (злева), Глубля ў заказніку Блакітныя азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНЫЯ ГО́РЫ (Blue Mountains),
у Аўстраліі, частка Вялікага Водападзельнага хрыбта. Выш. да 1360 м. Вяршыні пераважна плоскія, схілы моцна расчлянёныя каньёнамі (глыб. да 300—400 м) і далінамі. Складзены з пясчанікаў і вапнякоў; ёсць карставыя пячоры. Вільготныя ўсх. схілы ўкрыты эўкаліптавымі лясамі, у далінах рэк зараснікі дрэвападобных папарацяў, на сухіх зах. схілах — участкі саваннаў. Нац. парк — Блу-Маўнтынс. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЧ (Пятро) (сапр.Панчанка Пётр Іосіфавіч; 4.7.1891, г. Валкі Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1978),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Блакітныя эшалоны» (1928; аднайм. п’еса, 1970), раманаў «Аблога ночы» (1933), «Гаманіла Украіна» (1945—46); пра нац.-вызв. барацьбу ўкр. народа 17 ст.), аўтабіягр. аповесці «На калінавым мосце» (1965, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1966), твораў для дзяцей. У 1928 наведаў Беларусь, убачанае апісаў у нарысе «Там, дзе з бярозамі хвоі гамоняць» (1928). Сябраваў з Я.Купалам. На бел. тэматыку напісаў арт. «Разбіта жалейка (Янка Купала)» (1943), «Сінявокая сястра Беларусь» (1972), апавяданне «А лазу самі выбірайце» прысвяціў У.Дубоўку. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Купала, К.Чорны, Л.Калюга, А.Пальчэўскі, І.Скапараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЛАКІ́ТНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,
добраахвотныя аб’яднанні (атрады і групы) школьнікаў, навучэнцаў, аматараў прыроды, якія арганізоўваюцца для ўдзелу ў грамадскай прыродаахоўнай дзейнасці пры адначасовым удасканаленні ведаў па біялогіі і ахове прыроды. Ствараюцца з мэтай вывучэння і аховы рыбных багаццяў краіны на базе сярэдніх школ, станцый юннатаў, летніх лагераў адпачынку. Працуюць пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і работнікаў прыродаахоўных арг-цый. На Беларусі «блакітныя патрулі» існуюць з 1965. На 1.1.1996 у 120 атрадах было каля 1500 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ-МА́ЎНТЫНС (Blue Mountains),
Блакітныя горы, нацыянальны парк на ПдУ Аўстраліі, штат Новы Паўд. Уэльс. Знаходзіцца ў Блакітных гарах — ч.Вял. Водападзельнага хр.Засн. ў 1959. Пл. 208,1 тыс.га. Пясчанікавыя плато (выш. да 1362 м), падзеленыя глыбокімі цяснінамі, ландшафты вільгацетрапічных і эўкаліптавых лясоў. Месцы пражывання качканоса, яхідны, сумчатых (каала, апосум, гіганцкі шэры кенгуру, валару і інш.), птушак трапічнага лесу (пячорная валасянка, рыжая веерахвостка, голуб Вонга, жоўты мухалоў і інш.). Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАЦВЕ́Т (Lycopsis),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй Еўропе, Міжземнамор’і і Сярэдняй Азіі. На Беларусі — К. палявы (L. arvensis, нар. назвы калючнік, пакравец, страснік, сушанік).
Трапляецца на палях, засмечаных мясцінах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 30—50 см. Сцябло прамое, укрытае цвёрдашчаціністымі валаскамі, што сядзяць на бародаўках. Лісце падоўжанае, па краі хвалістае, з рэдкімі шчацінкамі. Кветкі блакітныя, правільныя, сабраныя ў моцнааблісцелыя завіткі. Плод — чатырохарэшак. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЯНУ́ШКА [Symphodus (Crenilabrus) tinca],
рыба сям. губанавых атр. акунепадобных. Пашырана ў морах паўд. і зах. ўзбярэжжаў Еўропы. Жыве ў прыбярэжнай зоне, сярод скал і водарасцей.
Зелянушка: 1 — самец; 2 — самка.
Даўж. цела 10—15 см (зрэдку да 30 см), маса да 290 г. Афарбоўка яркая, асн. колер зялёны або зеленаваты (адсюль назва). На целе і плаўніках шматлікія чырв. і блакітныя з розным адценнем плямы і палосы. Зрэдку самцы будуюць гнёзды. Корміцца двухстворкавымі малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Аб’ект аматарскага лову.