ФЕДАРКО́Ў Анатоль Фёдаравіч (29.9.1934, г. Маздок, Паўн. Асеція — 10.7.1994),

бел. майстар дэкар.-прыкладнога мастацтва. З 1954 шкловыдзімальшчык, з 1968 майстар на шклозаводзе «Нёман». Работы адметныя творчым выкарыстаннем стараж. тэхнік дэкарыравання шкла ў спалучэнні з традыцыямі бел. нар. мастацтва. Распрацаваў і ўкараніў у масавую вытв-сць метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом, т.зв. нёманская ніць, стварыў арыгінальныя паводле кампазіцыі ніцяныя ўзоры ў тоўшчы шматколернага шкла. Лепшыя яго работы: набор посуду «Кветка» (Гран-пры на Міжнар. выстаўцы шкла і фарфору ў Ябланцы, Чэхія, 1973), дэкар. блюды «Хвалі Туапсе» і «Пялёсткі» (1969), ваза «Павуцінка» (1971), дэкар. кампазіцыі «Абуджэнне» (1975), «Кветкі маладосці» і «Блакітныя купалы» (абедзве 1976).

В.​І.​Жук.

А.Федаркоў. Кампазіцыя «Абуджэнне». 1975.

т. 16, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)