арганізацыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана ў пач. 1942. У кіруючае ядро партыі ўваходзілі У.Родзька (старшыня ЦК), Ф.Аляхновіч, І.Гінько, Р.Зыбайла, Р.Рабуха, Ю.Саковіч, А.Сянькевіч і інш. Былі ўтвораны 5 акр. к-таў БНП. Мела кантакты з кіраўнікамі Палескай сечы Украінскай паўстанцкай арміі. Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі бел. апараце, імкнуліся арганізаваць бел.нац. рух для выступлення і супраць ням. фашыстаў, і супраць бальшавікоў. Было створана некалькі ўзбр. і нелегальных груп (найбольш на Палессі — 12). Не маючы шырокай падтрымкі ў інш.бел. арг-цый, БНП не стала рэальнай паліт. сілай. У канцы чэрв. 1944 Родзька пры падтрымцы гітлераўцаў арганізаваў і накіраваў у сав. тыл некалькі ўзбр. груп. Аднак БНП не дамаглася масавай падтрымкі насельніцтва. Большасць яе атрадаў і падп. груп разгромлены органамі НКУС, шэраг дзеячаў БНП на чале з Родзькам арыштаваны.
палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс.чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасцьчл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у Мінску з 20.1.1919 да чэрв. 1941, да 31.8.1923 абл. музей. У аснове калекцый матэрыялы Царк.-археал. музея і Т-ва аматараў прыроды і археалогіі. У 1941 у музеі больш за 60 тыс. экспанатаў: найб. каштоўныя рукапісныя і друкаваныя кнігі 15—18 ст. (друкаваная Трыёдзь 1494, Тураўскія мінеі-чэцці 1525, слоўнік П.Бярынды і інш.), дарчыя граматы 16—17 ст., грашовыя скарбы 10—18 ст., вырабы цэхавых майстроў, слуцкія паясы, абразы 15—19 ст., карціны бел. мастакоў, бел.нац. адзенне, прадметы працы і хатняга ўжытку і інш. Пры музеі існавалі архіў рукапісных дакументаў 16—18 ст. і навук.б-ка. Музей папаўняўся матэрыяламі археал. раскопак, этнагр. экспедыцый і экспанатамі, перададзенымі інш. музеямі. У 1940—41 музей папоўніўся калекцыямі зброі з Нясвіжскага замка кн. Радзівілаў. У Вял.Айч. вайну разрабаваны ням.-фаш. акупантамі, большасць калекцый загінула. Уцалелыя экспанаты зберагаюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Дырэктарамі музея працавалі П.Харламповіч, В.Ластоўскі, С.Рак-Міхайлоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЕПРЫПА́СЫ,
састаўная частка ўзбраення, прызначаная для паражэння жывой сілы і тэхнікі, разбурэння збудаванняў (умацаванняў) і выканання спец. задач (асвятлення, задымлення і інш.). Да боепрыпасаў адносяць артыл. выстралы, рэактыўныя снарады, боегалоўкі ракет і тарпедаў, патроны да стралк. зброі, гранаты, авіяц.бомбы, інж. і марскія міны, фугасы, дымавыя шашкі і інш. Боепрыпасы дасылаюцца да цэляў з дапамогай агнястрэльнай зброі (кулі, снарады, міны і інш.), рухавікоў (рэактыўныя снарады, тарпеды), скідваннем з вышыні (авіяц. бомбы) або кіданнем уручную (ручныя гранаты). Некаторыя боепрыпасы ўстанаўліваюцца на мясцовасці або ў вадзе (міны, фугасы). Паводле прызначэння адрозніваюць боепрыпасы асн. (для паражэння цэляў), спец. (для асвятлення, задымлення, распаўсюджвання агітацыйнай л-ры і інш.), дапаможныя (вучэбныя, халастыя, для спец. выпрабаванняў); паводле характару забеспячэння — са звычайным выбуховым рэчывам, ядзерныя боепрыпасы, аб’ёмнага выбуху, хім. (асколачна-хім.) і інш. Частка боепрыпасаў расходуецца на баявую падрыхтоўку войскаў. Захоўваюцца боепрыпасы ў спец. абсталяваных сховішчах і складах, якія строга ахоўваюцца, большасць з іх з’яўляюцца часткай баз ваенных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЦАЛЬ ((Worcell) Станіслаў Габрыэль) (26.3.1799, с. Сцяпань Ровенскай вобл., Украіна — 3.2.1857),
польскі рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыяліст-утапіст. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Вялікабрытанію. У 1835 адзін з арганізатараў (пазней гал. ідэолаг) грамады «Грудзёндз», што ўваходзіла ў склад арг-цыі «Люд польскі». У 1840 разам з І.Лялевелем удзельнічаў у стварэнні арг-цыі «Аб’яднанне польскай эміграцыі», якая выступала за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля Кракаўскага паўстання 1846большасцьчл. «Аб’яднання», у т. л. і Ворцаль, уступіла ў Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ). У 1847 выбраны ў кіруючы орган ПДТ «Цэнтралізацыя». Філас. і грамадскія погляды Ворцаля сфарміраваліся пад уплывам франц.сацыяліст. думкі, гал. чынам сен-сіманізму. У працы «Аб уласнасці» (1854) выклаў сваё ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім прыватную ўласнасць замяняла калектыўная, знікала разыходжанне паміж інтарэсамі асобы і грамадства. Ідэі Ворцаля паўплывалі на светапогляд рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у т. л. В. і К.Каліноўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Амерыкана» (The Encyclopedia Americana),
універсальная энцыклапедыя ў ЗША. 1-е выд. выйшла ў Філадэльфіі ў 1829—33 (т. 1—13; скл. Ф.Лібер). З 1903 выдаецца ў Нью-Йорку (т. 1—16, 1903—04; з 1918 перавыдаецца ў 30 т.). Змяшчае каля 70 тыс. артыкулаў па гуманітарных, прыродазнаўчых і дакладных навуках, тэхніцы, эканоміцы, палітыцы. Асабліва падрабязны матэрыял прыводзіцца пра ЗША і інш. краіны Амерыкі. Большасць артыкулаў — сціслыя даведкі-дэфініцыі; грунтоўныя агляды даюцца пра асобныя краіны, усе стагоддзі новай эры (ад 1-га да 20-га), выдатныя творы сусв. л-ры, музыкі, філасофіі і эканомікі, амер.паліт. дзеячаў і інш.Найб. складаныя артыкулы маюць невял. слоўнікі тэрмінаў. Т. 30 змяшчае ілюстраваную храналогію сусв. падзей за апошнія 5 гадоў і алфавітны індэкс — больш за 350 тыс. тэрмінаў і слоў, што выкарыстаны ў артыкулах Амерыканскай энцыклапедыі. З 1923 у дадатак да Амерыканскай энцыклапедыі выдаецца 1-томны штогоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕРГІ́Л (Aspergillus),
род недасканалых грыбоў класа гіфаміцэтаў. Каля 100 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Упершыню апісаны італьян. міколагам П. Мікелі ў 1729. На Беларусі найб. практычнае значэнне маюць аспергілы: чорны (Aspergillus niger), жоўта-рысавы (Aspergillus flavus-oryzae), гнездавы (Aspergillus nidulans), дымучы (Aspergillus fumigatus), рознакаляровы (Aspergillus versicolor). Большасць іх сапратрофы. Развіваюцца ў глебе, асабліва на раслінных субстратах. Некаторыя — паразіты чалавека, жывёл і раслін, узбуджальнікі аспергілёзу.
Калоніі аспергілаў — напылы плесні рознага колеру, часцей блакітна-зялёнага і чорнага. Вегетатыўнае цела — шматклетачны, галінасты, бясколерны або бледна-карычневы міцэлій унутры субстрату. Канідыяносцы аднаклетачныя ці з папярочнымі перагародкамі. Канідыі розных колеру, формы і памераў. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, светлыя. Сумкі акруглыя або эліптычныя. Разбураюць тканіну, скуру, пластмасы. Выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты антыбіётыкаў, ферментаў, арган.к-т, вітамінаў, спірту, алкалоідаў, а таксама пры ацэнцы ўстойлівасці паперы да плеснення, пры вызначэнні эфектыўнасці фумігацыі, у лабараторных даследаваннях. Некаторыя віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з фітапатагенпымі мікраарганізмамі.
Аспергіл чорны: 1 — агульны выгляд; 2 — канідыяносец з канідыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793надзвычайны,
апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.Л.Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЦЫ́ЗМ,
слова, запазычанае з грэчаскай мовывізант. перыяду, а таксама тэрмін, утвораны з грэч. кораня і афіксаў. Сустракаюцца ў помніках бел. пісьменства 14—16 ст., куды трапілі са стараж.-рус. мовы, а таксама праз пераклады з грэч. мовы рэліг. і навук. л-ры (напр., «адъ», «аксамитъ», «ангелъ», «антихристъ», «канон», «мира» і інш.). Вял. колькасць грэцызмаў пранікла ў бел. мову на працягу 17—20 ст. праз рус. або польск. мовы-пасрэдніцы.
Лексіка грэч. паходжання ў сучаснай бел. мове характарызуецца: зычным «ф» у пач. слова («фаза», «філасофія»); спалучэннямі «-кс-», «-пс-», «-мв-», «-мп-» у сярэдзіне слова («сінтаксіс», «элепсіс», «сімвал», «сімптом»); спалучэннямі «-ос (-ас)», «-іка (-ыка)» у канцы слова («пафас», «батаніка»). Прадуктыўныя штучныя ўтварэнні слоў на аснове грэч. каранёў і афіксаў (напр., «антонім» < anti — супраць і onyma — імя, назва). Большасць грэцызмаў у бел. мове папаўняюць навук. тэрміналогію.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
зборнікі дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі. Выдадзены ў 10 кнігах (кожная пад сваёй назвай) у 1957—63 у Маскве на рус. мове Ін-там гісторыі АНСССР, Ін-там марксізму-ленінізму пры ЦККПСС і Гал. архіўным упраўленнем пры СМСССР. 1-ы том прысвечаны рэв. руху ў Расіі пасля звяржэння манархіі (лют. 1917), 2-і — Красавіцкаму крызісу 1917, 3-і — Чэрвеньскаму крызісу 1917, 4-ы — Ліпеньскаму крызісу 1917, 5-ы — разгрому Карнілава мяцяжу 1917, 6-ы — рэв. руху ў Расіі ў вер. 1917, 7-ы — падрыхтоўцы ўзбр. паўстання ў кастр. 1917, 8-ы — Кастрычніцкаму ўзбр. паўстанню ў Петраградзе, 9-ы і 10-ы — устанаўленню сав. улады ў Расіі. Большасць дакументаў, якія асвятляюць рэв. падзеі канца 1917 — пач. 1918 на бел. землях, раней былі змешчаны ў зб-ках «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «З гісторыі ўстанаўлення Савецкай улады на Беларусі і ўтварэння БССР» (т. 4, 1954) і інш.