РЭЗЕДА́ (Reseda),

род кветкавых раслін сям. рэзедовых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, большасць відаў — у Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды Р.: жоўтая (R. lutea) і жоўценькая (R. luteola). Трапляюцца на сухіх схілах, камяністых глебах, уздоўж дарог. У культуры інтрадукавана Р. духмяная (R. odorata).

Адна-, двух- і шматгадовыя травы выш. да 130 см з прамастойным або прыўзнятым сцяблом. Лісце перыстараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі дробныя, няправільныя, духмяныя, белыя, жоўтыя. зеленавата-жоўтыя ў гронках або калоссях Плод — каробачка. Падземныя ч. Р. жоўценькай маюць у сабе жоўтую фарбу, прыдатную для афарбоўкі шэрсці і шоўку. Эфірны алей кветак Р. духмянай выкарыстоўваецца ў парфумерыі вышэйшай якасці. Фарбавальныя, лек., эфіраалейныя, меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рэзеда: 1 — жоўценькая; 2 — жоўтая.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)