СЦЫ́НКАВЫЯ, сцынкі (Scincidae),

сямейства яшчарак інфраатр. сцынкападобных кл. паўзуноў. Больш за 90 родаў, каля 1200 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, пераважна ў тропіках Усх. паўшар’я, асабліва ў межах Аўстралійскай біягеагр. вобл. Вядуць наземны, рыючы і паўдрэвавы лад жыцця, некат. віды паўводныя. 3 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 65 см. Цела падоўжнае, да змеепадобнага; укрыта гладкай або рабрыстай налягаючай луской, пад якой размешчаны касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Хвост ломкі. У рыючых форм канечнасці часткова або канчаткова страчаны, вочы звычайна адсутнічаюць. Кормяцца пераважна насякомымі, буйныя С. — і пазваночнымі; некат. расліннаедныя. Большасць відаў адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя і жывародныя.

Э.​Р.​Самусенка.

Сцынкавыя: 1 — сцынк далёкаўсходні; 2 — галавочка еўрапейская; 3 — сцынк пясчаны; 4 — сцынк шчытковы; 5 — сцынк калючы.

т. 15, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)