ФЛАТА́ЦЫЯ (франц. flottation ад flotter плаваць),

працэс раздзялення дробных цвёрдых часцінак (пераважна мінералаў), заснаваны на адрозненні іх у змочвальнасці вадой.

Адрозніваюць Ф. пенную (найб. пашырана) для абагачэння карысных выкапняў, масляную, плёначную, іонную і электрафлатацыю. Пры пеннай Ф. часцінкі мінералаў у водным асяроддзі выбіральна прыліпаюць да пузыркоў паветра і паднімаюцца ў пену (утвараюць канцэнтрат). Большасць мінералаў змочваецца добра. З-за ўласцівасці некат. мінералаў дрэнна змочвацца (сера, графіт, азакерыт, борная к-та), пры Ф. іх прыродных руд выкарыстоўваюць флотарэагенты, якімі паляпшаюць гэты працэс. У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць флотарэагенты: збіральнікі (калектары), пенаўтваральнікі, актыватары і інш. Ф. выкарыстоўваецца таксама для ачысткі вады ад арган. рэчываў і цвёрдых завісей, раздзялення сумесей, паскарэння адстойвання ў хім., харч. і інш. галінах прам-сці.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)