МАЖАРЫТА́РНАЯ СІСТЭ́МА (ад франц. majorité большасць),
сістэма выбараў, пры якой выбранымі лічацца кандыдаты, якія атрымалі большасць галасоў выбаршчыкаў па выбарчай акрузе, дзе яны балаціраваліся. Адрозніваюць М.с. абсалютнай большасці (кандыдат лічыцца выбраным, калі ён атрымаў па акрузе больш за палову ўсіх галасоў), адноснай большасці (кандыдату, каб быць выбраным, дастаткова атрымаць адносную большасць галасоў па акрузе ў параўнанні з інш. кандыдатамі) і кваліфікаванай большасці (пераможца павінен атрымаць папярэдне вызначаную большасць, якая перавышае палавіну галасоў — 2/3, 3/4 і г.д.). Гл. таксама Выбарчая сістэма.
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія шматразова цвітуць і пладаносяць на працягу жыцця. Да П.р. належаць усе голанасенныя і большасць пакрытанасенных раслін. У флоры Беларусі П.р. — усе дрэвы і кусты, а таксама большасць травяністых шматгадовых раслін. Гл. таксама Монакарпічныя расліны.
т. 12, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАМІЦЭ́ТЫ, прамянёвыя грыбкі,
група грамдадатных бактэрый, якія ўтвараюць клеткі або гіфы. Каля 700 відаў: уласна актынаміцэты, мікабактэрыі, стрэптаміцэты і інш. Большасць актынаміцэтаў — сапратрофы; пашыраны ў глебе, вадаёмах і паветры, на раслінных рэштках.
Маюць нітачна-, палачка- ці кокападобную форму, бакавыя нарасці, большасць утварае міцэлій. Размнажаюцца спорамі або дзяленнем. Патагенныя для раслін, жывёл і чалавека віды выклікаюць актынамікоз, актынабацылёз, туберкулёз і інш. хваробы. Віды, якія прадуцыруюць антыбіётыкі, пігменты, вітаміны і інш., выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.
т. 1, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́ ПАСЁЛАК,
катэгорыя населенага пункта гар. тыпу, у якім не менш за 2 тыс. ж. і большасць з іх рабочыя, служачыя і члены іх сем’яў. На Беларусі ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.9.1938 «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР». Пры аднясенні пэўнага нас. пункта да гарадскога пасёлка ўлічваецца таксама яго адм. значэнне, наяўнасць прамысл. і камунальна-быт. прадпрыемстваў, сац.-культ. устаноў. Большасць гарадскіх пасёлкаў Беларусі ўтворана з б. мястэчак, некаторыя — з вял. сёл і вёсак. На 1.1.1996 на Беларусі 95 гарадскіх пасёлкаў.
т. 5, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯБІЁНТЫ [ад гелія... + біёнт(ы)],
віды расліннага і жывёльнага свету, якія аддаюць перавагу месцам, асветленым сонечным святлом, — геліяфіты і геліяфілы (святла- і сонцалюбівыя віды — большасць раслін, яшчаркі, змеі і інш.).
т. 5, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАНЕЗІ́ЙЦЫ,
народы Інданезіі, якія гавораць на інданезійскай мове (больш за 95% нас. краіны, 188,2 млн. чал., 1993). Большасць вернікаў — мусульмане. У шырокім сэнсе — назва ўсіх грамадзян Інданезіі.
т. 7, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1894—97,
арганізацыя яўрэйскіх рабочых рамеснай і дробнай прам-сці горада. Утварылася пад уплывам Мінскай яўрэйскай с.-д. групы. У 2-й пал. 1894—95 на аснове стачачных кас створаны цэхавыя (прафес.) саюзы пераплётчыкаў, слесараў, гарбароў, шаўцоў і інш., усяго — 24 саюзы з агульнай колькасцю членаў да 1200 чал. Кіравалі саюзамі выбарныя прадстаўнікі і касіры. Іх дзейнасць каардынавала міжкасавая сходка (цэнтральная каса), якая складалася з прадстаўнікоў цэхавых саюзаў. У яе ўваходзіў прадстаўнік с.-д. групы. За 2 гады (1894—96) цэхавыя саюзы арганізавалі ў Мінску 54 стачкі з удзелам 480 рабочых. Гал. патрабаванні стачачнікаў: скарачэнне рабочага дня (26 стачак), павелічэнне платы (13). Найб. працягласць стачкі — 70 дзён. Пераважная большасць стачак (50) скончылася поўнай ці частковай перамогай. Летам 1896 і ў сак.—жн. 1897 паліцыя правяла масавыя арышты. Да следства прыцягнута каля 200 рабочых. У выніку большасць саюзаў распалася. Восенню 1897 у М.р.а. адбыўся раскол: большасць уцалелых саюзаў падтрымала прапанову яўр. с.-д. групы аб уступленні ў Бунд, астатнія стварылі мясц. арг-цыю леванародніцкай Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі.
М.В.Біч.
т. 10, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНЫЯ РЫ́БЫ,
рыбы, характэрныя толькі для іхтыяфауны азёраў. На Беларусі да азёрных абарыгенных відаў належаць рапушка, корушка, гальян азёрны, да акліматызаваных — сіг чудскі, умоўна пелядзь, сомік амерыканскі. Большасць мае прамысл. значэнне.
т. 1, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЯДЗЬ,
балцкае племя, якое жыло ў бас. р. Протва (правы прыток р. Масква) паміж вяцічамі і крывічамі. Упамінаецца ў рус. летапісах 11—12 ст. Большасць голядзі ў 12 ст. асімілявана славянамі.
т. 5, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФО́БЫ [ад літа... + ...фоб(ы)],
расліны і жывёлы, якія аддаюць перавагу рыхлым (гліністым, лёсавым, пясчаным) грунтам, глебе, мулу і інш. Складаюць пераважную большасць раслін і жывёл. У адрозненне ад літафілаў пазбягаюць скальных маналітных або расколістых грунтоў.
т. 9, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)