ЧАРВЯ́ГІ (Caeciliidae),

сямейства атр. бязногіх земнаводных. 25 родаў, 165 відаў. Пашыраны ў тропіках Азіі, Афрыкі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Большасць жывуць у вільготнай глебе, некат. — у мурашніках, тэрмітніках, вадзе. Найб. вядомыя Ч. кольчатая (Siphonops annulatus), рыбазмеі (Ichthyophis).

Даўж. да 120 см. Вонкавым выглядам нагадваюць вял. дажджавых чарвей (адсюль назва) ці змей. Цела з кальцавымі перахватамі (каля 400), чорнае з белаватымі баразёнкамі паміж кольцамі або аліўкава-карычневае. Большасць адкладваюць яйцы (да 30) і ахоўваюць іх, зрэдку і лічынак; водныя Ч. жывародныя. Кормяцца чарвямі і інш. беспазваночнымі. Іл. гл. таксама да арт. Земнаводныя.

Чарвяга кольчатая, якая паядае дажджавога чарвяка.

т. 17, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)