ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),

сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.

Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл. Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл. табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.

Літ.:

Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.

Н.​А.​Ушакова.

Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е Старажытныя даты Сучасныя даты
Авен 21.3—19.4 22.4—21.5
Цялец 20.4—20.5 22.5—21.6
Блізняты 21.5—21.6 22.6—22.7
Рак 22.6—22.7 23.7—23.8
Леў 23.7—22.8 24.8—23.9
Дзева 23.8—22.9 24.9—24.10
Шалі 23.9—22.10 25.10—23.11
Скарпіён 23.10—21.11 24.11—23.12
Стралец 22.11—21.12 24.12—22.1
Казярог 22.12—19.1 23.1—20.2
Вадаліў 20.1—18.2 21.2—18.3
Рыбы 19.2—20.3 19.3—21.4
Да арт. Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,

наступальная аперацыя войск Зах. фронту Сав. Расіі 4—23 ліп. ў савецка-польскую вайну 1920. Задача аперацыі — разгром сіл Паўн.-Усх. фронту Польшчы і вызваленне Беларусі. У пач. ліпеня войскі Зах. фронту (каманд. М.​М.​Тухачэўскі) у складзе 3-й, 4, 15, 16-й армій і Мазырскай групы войск мелі 81 тыс. штыкоў, 10,5 тыс. шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў. Паўн.-Усх. фронт Польшчы (каманд. ген. С.​Шаптыцкі) складаўся з 1-й, 4-й армій і Палескай групы, налічваў каля 72 тыс. штыкоў і шабляў.

Гал. ўдар наносілі 4, 15 і 3-я арміі з Полацка-Лепельскага р-на на Свянцяны з тым, каб акружыць і знішчыць гал. сілы праціўніка ў раёне Глыбокае—Докшыцы. 4 ліп. ўдарная групоўка перайшла ў наступленне; 4-я армія прарвала фронт праціўніка, 5 ліп. заняла Германавічы. Часці і злучэнні 15-й арміі наступалі ўздоўж чыг. Полацк—Маладзечна, 4 ліп. яны прасунуліся на 15—20 км, 5 ліп. вызвалілі Глыбокае; 3-я армія фарсіравала р. Бярэзіна і заняла Докшыцы, 6-га ліп. — Параф’янава. У ноч на 7 ліп. ў наступленне перайшла 16-я армія, якая пасля фарсіравання р. Бярэзіна дзейнічала ў напрамку Ігумен—Мінск. Мазырская група вяла баявыя дзеянні з 19 чэрв.; 29 чэрв. яна вызваліла Рэчыцу і Мазыр, 10 ліп. — Бабруйск, 9 ліп. 3-і конны корпус — Свянцяны, 11 ліп. 16-я армія — Мінск, 15-я армія — Маладзечна.

12 ліп. Антанта прад’явіла сав. ўраду ультыматум (т.зв. ноту Керзана) з патрабаваннем спыніць наступленне войск Зах. фронту. Але паколькі польскі ўрад не звярнуўся з прапановай мірных перагавораў, сав. бок адхіліў ультыматум і прыняў рашэнне працягваць наступленне. 17 ліп. 15-я армія вызваліла Ліду, 19 ліп. 4-я армія — Гродна, 16-я армія — Баранавічы. Завяршылася аперацыя 23 ліп. вызваленнем Пінска часцямі Мазырскай групы. За 20 дзён войскі Зах. фронту прасунуліся больш чым на 300 КМ.

П.​А.​Селіванаў.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял. Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.

На бел. мову пераклаў паэму М.​Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.​Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.​Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.​Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1991;

Між мінулым і будучым. Мн., 1986;

Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.

Літ.:

Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;

Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984.

С.​А.​Андраюк, І.​У.​Саламевіч.

П.А.Місько.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКЦЮ́РН (франц. nocturne літар. начны),

першапачаткова цыкл рознахарактарных муз. п’ес пераважна для ансамбля струнных ці духавых інструментаў, прызначаны для выканання ў начны ці вячэрні час на вольным паветры. Блізкі да дывертысмента, серэнады, касацыі (В.​А.​Моцарт, І.​Гайдн). Вядомы таксама вак. і хар. Н. З 19 ст. Н. называюць інстр. мініяцюру (пераважна для фп.) лірыка-сузіральнага характару з кантыленнай мелодыяй і акампанементам, які мерна пагойдваецца. Форма звычайна 3-часткавая з кантрастнай сярэдзінай, радзей ронда.

Стваральнік фп. Н. — Дж.​Філд. Лепшыя ўзоры Н. належаць Ф.​Шапэну, які паглыбіў яго вобразна-эмацыянальны змест. Тып праграмнага Н. ёсць у Р.​Шумана (цыкл «начных п’ес» ор. 23) і Ф.​Ліста («Мроі кахання»), Часам Н. уваходзіць у склад буйных інстр. форм (7-я сімф. Г.​Малера, саната h moli Шапэна), у сцэн. музыку («Сон у летнюю ноч» Ф.​Мендэльсона, «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля), у камерна-інстр. (2-і квартэт А.​Барадзіна) і вак. творы (Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі, М.​Глінка, Б.​Брытэн). Узоры Н. ў рус. класічнай музыцы стварылі П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін. Тэрмін «Н.» выкарыстаў К.​Дэбюсі для назвы праграмнай сімф. сюіты, П.​Хіндэміт уключыў Н. у фп. сюіту «1922».

У бел. музыцы Н. ёсць у П.​Падкавырава, Я.​Цікоцкага. Найчасцей бел. кампазітары пішуць Н. для розных інстр. складаў, уключаюць у цыклы рознахарактарных п’ес (М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Л.​Абеліёвіч, С.​Картэс, Л.​Шлег). У буйных інстр. формах Н. трапляецца пераважна ў перапрацаваным выглядзе ў Абеліёвіча, Аладава, Г.​Вагнера (лірыка-філас. павольныя часткі сімфоній). Блізкія да Н. некат. лірычныя сцэны бел. балетаў («Мара», «Маленькі прынц» Я.​Глебава).

Літ.:

Панкратова В. Малые инструментальные формы (прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962;

Попова Т. Одночастные инструментальные жанры // Музыкальные жанры. М., 1968;

Цуккерман В. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964.

А.​У.​Валадковіч.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял. Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.​Купалу, Г.​Леўчыка, І.​Стаброўскага, Я.​Карскага, ген. Я.​Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.​Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.​Абрамовіча і Р.​Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.​Пушкіна, «Першага вінакура» Л.​Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.

Літ.:

Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;

Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-АРТУ́РА АБАРО́НА,

баявыя дзеянні рас. сухап. войск і 1-й Ціхаакіянскай эскадры пры абароне крэпасці Порт-Артур (цяпер Люйшунь) 9.2.1904—2.1.1905 у час руска-японскай вайны 1904—05. У ноч на 9 студз. яп. мінаносцы нечакана атакавалі на знешнім рэйдзе Порт-Артура рас. эскадру, пашкодзілі 2 браняносцы і 1 крэйсер. Гэта паклала пачатак вайне. 5 мая на Пн ад Порт-Артура высадзілася яп. 2-я армія, якая перарэзала чыгунку і пацясніла рас. войскі каля г. Цзіньчжоў (цяпер г. Цзуньсянь) і чыг. станцыі Вафангоў. Для захопу крэпасці яп. камандаванне стварыла 3-ю армію (70 тыс. чал., каля 400 гармат), якая 30 чэрв. аблажыла крэпасць (гарнізон 50,5 тыс. чал., у т. л. 8 тыс. маракоў, 646 гармат). Спробы рас. эскадры 23 чэрв. і 10 жн. прарвацца ва Уладзівасток пацярпелі няўдачу. Тры штурмы яп. войск былі адбіты. 26 ліст. пачаўся 4-ы штурм. Пасля гібелі 15 снеж. нач. сухап. абароны Р.І.Кандраценкі лёс крэпасці быў прадвызначаны. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага раёна ген.-лейт. А.​М.​Стэсель (насуперак меркаванню ваен. савета працягваць абарону) падпісаў капітуляцыю. У палон трапіла каля 32,5 тыс. рас. вайскоўцаў. Страты яп. войск склалі больш за 110 тыс. чал. і 15 караблёў. Пасля вайны для ўдзельнікаў П.-А.а. быў усталяваны ўзнагародны крыж «За абарону Порт-Артура»; шэраг афіцэраў, салдат і матросаў таксама ўзнагароджаны спец. медалём «Чырвонага крыжа» (1906). У час П.-А.а. вызначыліся многія вайскоўцы беларусы, ураджэнцы Беларусі і выхаванцы Полацкага кадэцкага корпуса, у т. л. генералы К.​М.​Смірноў, В.​В.​Разнатоўскі, афіцэры Б.А.Вількіцкі (восенню 1904 удзельнічаў у выпрабаваннях падводнай лодкі ў Порт-Артуры), В.​А.​Квіткін, І.​М.​Лівотаў, А.​А.​Нішчанкоў, У.​А.​Свіньін, Б.​Шышко; поўны Георгіеўскі кавалер матрос Дз.​А.​Румак і інш.

Літ.:

История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;

Сорокин А.И. Оборона Порт-Артура. 3 изд. М., 1954.

А.​М.​Лукашэвіч, В.​А.​Юшкевіч.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,

узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс. чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.

Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль ў 1,5 раза і дасягнула 350 тыс. чал. Да канца жн.пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв. к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦК РСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар. прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн. прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал. паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.

Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв. к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б) адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.

Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.

Кр.: Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63; Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957; Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89; Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;

Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;

Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ. М., 1993;

Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;

Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;

Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;

Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;

Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;

Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;

Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;

Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;

Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;

Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ. М., 1990;

Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ. М., 1989;

Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.

Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.
Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.
Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.

т. 8, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМ (ад франц. grimer падмалёўваць твар),

мастацтва змяняць вонкавы выгляд акцёра, пераважна яго твар, з дапамогай грыміравальных фарбаў, пластычных і валасяных наклеек, парыка, прычоскі і інш.; адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза. Характар грыму ў тэатры і кіно залежыць ад маст. асаблівасцей твора, рэжысёрскай канцэпцыі, задумы акцёра і стылю афармлення спектакля.

Гісторыя грыму ў т-ры ўзыходзіць да стараж. нар. абрадаў і гульняў, якія вымагалі ад удзельнікаў вонкавага пераўвасаблення. Нар. акцёры сярэдневякоўя (скамарохі, жанглёры і інш.) размалёўвалі твар сажай, сокам раслін. У 15—16 ст. удзельнікі прадстаўленняў карысталіся фантастычнымі маскамі і прымітыўна-рэалістычным грымам. Т-р класіцызму (17—18 ст.) стварыў ідэалізаваны, абагульнены грым. Развіццё рэалізму ў рус. т-ры 19 ст. садзейнічала росквіту мастацтва грыму, стварэнню грыма-партрэта; грым стаў адным з істотных кампанентаў рэжысёрскай задумы спектакля. З таго часу існуе прафесія мастака-грымёра.

У бел. т-ры развіццё грымёрскага мастацтва звязана з імёнамі буйных акцёраў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў стварэнні грыму (Г.​Глебаў, Б.​Платонаў, С.​Бірыла, У.​Крыловіч, П.​Малчанаў, А.​Кістаў, А.​Ільінскі). Значны ўклад у станаўленне мастацтва грыму зрабілі бел. мастакі-грымёры С.​Школьнікаў, Р.​Волкаў, А.​Буднік, В.​Навіцкая, С.​Пінхасік, В.​Міронава, Л.​Звездачотава і інш. У кіно мастацтва грыму мае спецыфіку: улічваюцца ўмовы аператарскай тэхнікі, асаблівасці кінаплёнкі, характар асвятлення. Буйны план на экране асабліва ў каляровым кіно патрабуе карпатлівай работы грымёра-мастака. У бел. кіно і на тэлебачанні развіццю мастацтва грыму садзейнічалі грымёры Р.​Храпуцкі, У.​Дзяменцьеў, У.​Белавусаў, А.​Чартовіч і інш. У цырку грым як адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза выкарыстоўваецца прадстаўнікамі жанру клаунады.

Літ.:

Школьников С.П. Искусство грима. Мн., 1963.

Да арт. Грым. Б.​В.​Платонаў (злева). Ён жа ў ролі Эзопа ў спектаклі «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду. 1957. Грым Платонава пры ўдзеле А.​Тонкага.
Да арт. Грым. Г.​П.​Глебаў (злева). Ён жа ў ролі Тулягі ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы. 1939. Грым Глебава пры ўдзеле Р.​Волкава.
Да арт. Грым. У.​М.​Крыловіч (злева). Ён жа ў ролі Тодарбіча ў спектаклі «У ліпнёвую ноч» («Павукі і мухі») Б.​Гарчынскага. 1927. Грым Крыловіча.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЧЫН (Сямён Уладзіміравіч) (Вульфавіч; 6.1.1915, Мінск — 1.8.1993),

бел. артыст балета і балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 і 1944—59 саліст, у 1950—59 таксама балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1942—44 саліст Вял. т-ра СССР. У 1959—64 і 1980—90 працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Малдовы. У 1971—73 маст. кіраўнік Дзярж. ансамбля танца БССР, у 1973—80 балетмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі БССР. Першы вядучы класічны танцоўшчык на бел. сцэне. Выканальніцкую манеру Д. вызначалі мужнасць і драм. экспрэсіўнасць танца, высокі артыстызм, пластычнасць, абаяльнасць, сцэнічны тэмперамент. Сярод лепшых партый: нацыянальна самабытныя вобразы Сымона («Салавей» М.​Крошнера), Васіля («Князь-возера» В.​Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), Янкі («Палымяныя сэрцы» на тую ж музыку); у класічных балетах — Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Конрад («Карсар» А.​Адана), Клод («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Сярод пастановак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі: балеты «Іспанскае капрычыо» на музыку М.​Рымскага-Корсакава (1949), «Чырвоны мак» (1950), «Эсмеральда» (1951), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955), «Карсар» (1957), «Блакітны Дунай» (1958), танцы ў операх «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ (1957), «Зорка Венера» Ю.​Семянякі (1970) і інш. У Дзярж. ансамблі танца БССР паставіў фальклорную праграму («Вянок беларускіх народных танцаў», «Купальская ноч», «Янка», «Лявоніха»), кампазіцыі «Хатынь», «У Белавежскай пушчы»). Балетмайстар спектакляў «Паўлінка» Ю.​Семянякі (1973), «Несцерка» Р.​Суруса (1979), «Рэвю-канцэрта» (1976), рэвю-мазаікі «Вакол кахання» (1991) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі. Ставіў танцы да драм. пастановак, у т. л. «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (1971), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1970), «Памінальная малітва» Р.​Горына (1990) у Бел. т-ры імя Я.​Купалы і інш.

Літ.:

Модэль М. Сямён Дрэчын // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 29—36.

Л.​М.​Ражанава.

С.У.Дрэчын.
С.Дрэчын у ролях Янкі (зверху) і Гірэя.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРУ́К (Юрка) (Юрый Паўлавіч; 6.5.1905, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.2.1979),

бел. перакладчык і паэт. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя Брусава (1925). З 1925 працаваў у БСГА у Горках, з 1931 у Магілёўскім пед. ін-це. Рэпрэсіраваны 8.2.1935, высланы з Беларусі. Больш за 20 гадоў працаваў на Поўначы і ва Усх. Сібіры. Рэабілітаваны ў 1956. У 1957—67 заг. літ. часткі Бел. т-ра імя Я.​Купалы. Дэбютаваў перакладамі вершаў Г.​Гейнэ і камедыі У.​Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, для Бел. тэатр. студыі ў Маскве). У тэатры імя Я.​Коласа пастаўлены ў яго перакладах п’есы «Улада цемры» Л.​Талстога, «Багна» А.​Астроўскага, «Уніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Доктар філасофіі» Б.​Нушыча, «Гамлет» Шэкспіра; у т-ры імя Я.​Купалы — «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Тысяча франкаў узнагароды» В.​Гюго, «Канец — справе вянец» Шэкспіра, «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава, «Мяцеліца» і «Залатая карэта» Л.​Лявонава, «Мешчанін у дваранах» Мальера. На бел. мову пераклаў трагедыі Шэкспіра «Атэла», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра», раманы А.​Стыля «Любіць будзем заўтра» (1960), Э.​Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976), К.​С.​Прычард «Дачка Урагану» (1977), творы А.​Маруа (кн. «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы», 1974), Ф.​Шылера (зб. «Балады», 1981), асобныя творы А.​Пушкіна, В.​Брусава, А.​Міцкевіча, Гейнэ, Дж.​Байрана, Г.​Лангфела, Ф.​Петраркі, Л.​Украінкі, У.​Сасюры, П.​Варанько і інш. Пераклады Гаўрука вызначаюцца блізкасцю да арыгінала, высокай моўнай культураю. На рус. мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К.​Чорнага і «Серадзібор» (1966) П.​Пестрака. Выступаў як паэт (зб-кі «Іскры з крэменя», 1969; «Узвіхраны ветразь», 1990). Аўтар краязнаўчых апавяданняў (зб. «Вясковыя рыскі», 1926), першай на Беларусі кн. паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928), артыкулаў па пытаннях маст. перакладу (зб. «Ступень адказнасці», 1986).

Тв.:

Агні ў прасторах: Выбр. пераклады. Мн.. 1975.

Літ.:

Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Яго ж. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;

Семяжон Я. Урокі настаўніка // ЛІМ. 1980. 16 мая.

І.​У.​Саламевіч.

Ю.Гаўрук.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)