МЮСЭ́ ((Musset) Альфрэд дэ) (11.12. 1810, Парыж — 2.5.1857),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1852). Вывучаў медыцыну, права. У 1828—30 належаў да гуртка рамантыкаў «Сенакль» на чале з В.Гюго. Дэбютаваў кн. рамант. паэм «Іспанскія і італьянскія аповесці» (1830). У зб. драм. твораў «Спектакль у крэсле» (1832, у т.л. паэмах «Намуна», «Вусны і чаша»), паэме «Рала» (1833) узмацніліся крытыцызм і іронія, абумоўленая расчараваннем М. ў рамант. ідэалах. У цыкле лірычных паэм «Ночы» (1835) матывы самоты, тугі, пакут. Раман «Споведзь сына веку» (1836) — узор аналіт. псіхалагізму. Схільнасцю да камерных, асабістых тэм, вольнай фантазіяй, натуральнасцю і жывасцю мовы, майстэрствам псіхал. характарыстык адметныя яго п’есы «Венецыянская ноч» (1830), «Над каханнем не жартуюць» і «Ларэнцача» (абедзве 1834), навелы «Эмеліна» (1837), «Фрэдэрык і Бернерэта» і «Марго» (абедзве 1838) і інш. Аўтар вершаванай сатыры «Закон аб друку» (1835), літ.-крытычных артыкулаў. На бел. мову яго верш «Зорка» пераклаў А.Дудар.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1957;

Исповедь сына века: Роман. Новеллы. Пьесы. М., 1988.

С.Дз.Малюковіч.

А.Мюсэ.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)