НЯКРА́САЎ (Генадзь Канстанцінавіч) (8.9.1918, г. Росаш Варонежскай вобл., Расія — 5.8.1987),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т імя Астроўскага (1941). З 1937 працаваў у Ленінградскім Новым т-ры юнага гледача, т-рах Балтыйскага флоту, Паўн. групы войск. З 1950 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі імя Горкага. З 1960 у т-ры імя Массавета. Творчасць адметная псіхал. верагоднасцю, тонкім адчуваннем стылю твора і рэжысёрскай ідэі. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне — Ермашоў і Бонч-Бруевіч («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Сакалоў («Песня нашых сэрцаў» В.​Палескага), Васількоў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.​Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Эдгар («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоу), Алан Окапел («Шакалы» А.​Якабсана); у т-ры імя Массавета — Лужнін («Злачынства і кара» Ф.​Дастаеўскага), Генерал («Смерць Пазухіна» М.​Салтыкова-Шчадрына), Вэл Ксаўе («Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса), Дэрвіш («У ноч зацьмення Месяца» М.​Карыма). Зняўся ў бел. фільмах «Чалавек не здаецца», «Першыя выпрабаванні» і «Якаў Багамолаў» (тэлевізійны).

Ю.​У.​Сідараў.

т. 11, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)