ПАНАМАРЭ́НКА (Леанід Фёдаравіч) (н. 26.1.1937, в. Вятхінь Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст,прамысл. вучылішча імя В.​І.​Мухінай (1957), Бел. тэатральна-маст. ін-т (1968). З 1957 працаваў на Мінскім фарфоравым з-дзе, з 1964 на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 на Мінскім маст. к-це. Працуе ў галіне керамікі. Для работ характэрны творчае засваенне традыц. форм нар. ганчарнага посуду, спалучэнне традыц. і сучасных спосабаў апрацоўкі матэрыялаў, стрыманая колеравая гама з падкрэсленымі прыроднымі ўласцівасцямі матэрыялу. Сярод твораў: сервізы «Авальны» (1957), «Восень» (1962), «Вяночак» (1970), кампазіцыі «Мара» (1972), «Салют» (1975), серыі дэкар. ваз «Па родных матывах» (1970—80-я г.), «Змрок» і «Ноч» (1964—84). З 1990-х г. займаецца белай керамікай (серыі «Зямля пад белымі крыламі», «Белыя сувеніры»). Аўтар дэкар. пластоў, дробнай пластыкі, акварэляў і інш. Аформіў інтэр’ер паліклінікі ў г. Маладзечна (1980), сталовую Мазырскага з-да меліярац. машын (1982), дзіцячую б-ку № 2 г. Мінска (1983) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Панамарэнка. З серыі «Белыя сувеніры». 1990-я г.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)