хімічныя злучэнні серы з больш электрададатнымі элементамі, пераважна металамі; адносяцца да металідаў. Бінарныя С. агульнай ф-лы M2Sn (М — метал, n — валентнасць металу) могуць разглядацца як солі серавадароднай к-ты H2S (гл.Серавадарод). С. пашыраны ў прыродзе; С. прыродныя — адзін з класаў мінералаў, найб. шырока выкарыстоўваюць — пірыт, сфалерыт, малібдэніт, кінавар.
С. падзяляюць на 3 асн. групы. С. шчолачных, шчолачназямельных металаў і магнію — солепадобныя, бясколерныя гіграскапічныя рэчывы. Маюць высокія т-ры плаўлення (напр., С. кальцыю CaS t 2525 °C). Многія раствараюцца ў вадзе з раскладаннем (гідралізуюцца). У паветры акісляюцца да сульфатаў. С. пераходных металаў — крышт. тугаплаўкія рэчывы (напр., С. лантану LaS tпл 2190 °C, цэрыю CeS tпл 2450 °C). Не раствараюцца ў вадзе, хімічна ўстойлівыя. С. p-элементаў і блізкія да іх С. цынку ZnS, кадмію CdS, ртуці HgS — крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў мінер. к-тах, акісляюцца ў паветры пры награванні. Шэраг элементаў утварае полісульфіды, у якіх атамы серы злучаныя паміж сабой. Асабліва схільныя да ўтварэння полісульфідаў калій, натрый, амоній і шчолачназямельныя элементы. Пры награванні яны лёгка раскладаюцца на простыя С. і серу. Атрымліваюць С. ўзаемадзеяннем простых рэчываў у вакууме ці інертнай атмасферы, H2S з металамі, іх аксідамі і гідраксідамі, аднаўленнем сульфатаў. Прыродныя С. выкарыстоўваюць для атрымання металаў, сернай к-ты і сульфатаў (пірыт), сінт. — у гарбарнай прам-сці для дублення скуры (С. барыю BaS, натрыю Na2S), як люмінафоры і паўправадніковыя матэрыялы (напр., ZnS, CdS), ZnS як кампанент літапону, у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі (полісульфіды кальцыю і барыю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛУ́Р (лац. Tellurium),
Te, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 52, ат. м. 127,6; адносіцца да халькагенаў. Прыродны складаецца з 8 ізатопаў з масавымі лікамі 120, 122—126, 128, 130; найб.пашыраны 128Te (31,75%) і 130Te (34,27%). У зямной кары 1∙10−6% па масе; вядома каля 100 мінералаў Т., асн. з іх: алтаіт PbTe, тэлуравісмутыт Bi2Te3, тэтрадыміт Bi2Te2S. Адкрыты ў 1782 венг. інжынерам і мінералогам Ф.І.Мюлерам; назва «Т.» [ад лац. tellus (telluris) — зямля] прапанавана ў 1798 ням. хімікам М.Г.Клапратам.
У свабодным стане існуе ў 2 мадыфікацыях: крышт. Т. — серабрыста-шэрае крохкае рэчыва з метал. бляскам (шчыльн. 6247 кг/м³, tпл 449,8 °C) і аморфны Т. — руды парашок (шчыльн. -5900 кг/м³). Паўправаднік (шырыня забароненай зоны 0,32 эВ). Устойлівы ў паветры. Раствараецца ў канцэнтраваных сернай і азотнай к-тах, моцных растворах шчолачаў. Ступень акіслення Т. ў злучэннях -2, +4, +6, радзей +2. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з галагенамі (акрамя ёду), пры награванні — з кіслародам (утварае дыаксід TeO2); пры сплаўленні з металамі ўтварае тэлурыды. Вядомы шматлікія тэлурарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць Т. для сінтэзу паўправадніковых матэрыялаў, легіравання чыгуну і сталі, сплаваў свінцу і медзі (павышае іх мех. і хім. ўстойлівасць), тэлурарган. злучэнні як каталізатары. Т. і асабліва яго злучэнні таксічныя: выклікаюць ірвоту, бранхіт, пнеўманію; ГДК Т. ў паветры 0,01 мг/м³, у вадзе 0,01 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАГО́Т (італьян. fagotto літар. — вузел, звязка),
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Мае ствол (складзены ўдвая і злучаны ўнізе ў форме лац. літары U) з канічным каналам, агульная даўж. каля 2,5 м. Складаецца з падвойнага трысняговага язычка, S-падобнай метал. трубкі, драўляных кален (малога, падвойнага і вял.) і раструба. 25—30 гукавых адтулін, 5 з іх закрываюцца пальцамі, астатнія — клапанамі. Дыяпазон B1—g2. Басовая разнавіднасць — контрафагот (з дыяпазонам на актаву ніжэй Ф.). Выкарыстоўваецца ў сімф. і духавым аркестрах, як сольны інструмент.
Прататып Ф. — дульцыян, вядомы ў Італіі з 1540-х г. Меў шмат разнавіднасцей, у т. л. «Ф.-харыст», які ствараў басовую аснову ў касцельным хоры. У 17 ст. набыў сучасную канструкцыю. У 19 ст. ўдасканальваўся К.Альмэнродэрам і І.Гекелем. Творы для Ф. стваралі А.Вівальдзі, В.А.Моцарт, К.М.Вебер, К.Сен-Санс, Э.База.
На Беларусі прататып Ф. (т. зв. шторт) згадваецца ў пач. 17 ст. З 18 ст. Ф. быў пашыраны ў магнацкіх, кляштарных, вайск. капэлах ВКЛ (Гродна, Нясвіж, Слонім і інш.). Творы для Ф. пісалі бел. кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, П.Падкавыраў, У.Солтан і інш. Сярод бел. фагатыстаў С.Ажыгін, У.Апацкі, Я.Барташэвіч, В.Беліхаў, У.Будкевіч, А.Кандрашоў, А.Новікаў, І.Стыдэль, У.Штокалаў.
Літ.:
Левин С.Я.Фагот. 2 изд. М., 1983;
Фралоў А.В. Тэрміналагічныя складанасці ідэнтыфікацыі старадаўніх духавых інструментаў...: Прататып фагота на Беларусі // Весці БДАМ. 2002. № 2;
Jansen W. The Basson, its history, construction, makers, players and music. Buren, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНАЛО́ГІЯ (ад фана... + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае функцыянальны бок гукавога ладу мовы — адрозненне значымых адзінак (марфем, слоў, сказаў) і адрознівальныя сродкі. Вылучылася з фанетыкі, часта разглядаецца як яе раздзел. Зарадзілася ў рас. мовазнаўстве (І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, М.С.Трубяцкой, Л.У.Шчэрба і інш.).
У Ф. вызначаюць 3 функцыі гукаў: кульмінатыўную (вяршынеўтваральную), дэлімітатыўную (размежавальную) і дыстынктыўную (сэнсаадрознівальную). На аснове апошняй вылучаюць фанемы. Ф. падзяляецца на фанематыку (сегментную Ф.), прасодыку (суперсегментную Ф.); апісальную і тэарэтычную Ф. Фанематыка вывучае функцыянаванне сегментных элементаў (фанем), прасодыка — суперсегментных элементаў, якія пашыраюцца больш як на адзін сегмент (націск, інтанацыя). Фанематыка выяўляе таксама сістэмныя адносіны паміж фанемамі, якія ў бел. мове грунтуюцца на проціпастаўленні цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых, выбухных і афрыкатыўных зычных, галосных верхняга і няверхняга пад’ёму, агубленых і неагубленых. Тэарэт. Ф. даследуе прыроду фаналагічнай рэальнасці і распрацоўвае апарат яе паняццяў, апісальная Ф. вывучае фаналагічную сістэму моў, адкрывае універсальныя фаналагічныя заканамернасці (сінхранічная Ф.), аналізуе развіццё фаналагічных сістэм канкрэтных моў (дыяхранічная Ф.). У сучаснай Ф. некалькі кірункаў, якія адрозніваюцца разуменнем прыроды фаналагічнай рэальнасці і азначэннем яе асн. адзінак. Гал. з іх склаліся ў межах Пражскай лінгвістычнай школы, гласематыкі, дэскрыптыўнай лінгвістыкі, параджальнай граматыкі. У рас. навуцы найб.пашыраны канцэпцыі Маскоўскай і Пецярбургскай фаналагічных школ. Фаналагічныя даследаванні на Беларусі вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (М.В.Бірыла, А.А.Крывіцкі, А.І.Падлужны) і Мінскім лінгвістычным ун-це.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
арганічныя злучэнні, якія выкарыстоўваюць для фарбавання розных матэрыялаў і вырабаў (тканін, паперы, пластмас, футра і інш.). Колер Ф. абумоўлены наяўнасцю ў малекуле храмафорнай сістэмы (гл.Колернасці тэорыя). Адрозніваюць Ф. прыродныя, якія ўтвараюцца жывымі арганізмамі (фарбавальнымі раслінамі, некат. малюскамі і інш.), і сінтэтычныя, якія атрымліваюць метадамі арган. сінтэзу.
Да сярэдзіны 19 ст. для фарбавання тканін, скуры, паперы, вырабаў маст. фарбаў выкарыстоўвалі прыродныя Ф. (алізарын, індыга, кармін і інш.). Адкрыты ў 1842 М.М.Зініным універсальны метад атрымання аналіну і інш. араматычных амінаў стаў асновай прамысл. вытв-сці сінт. Ф., якія ў пач. 20 ст. амаль цалкам замянілі прыродныя Ф. (цяпер у свеце вырабляюць каля 1500 сінт. Ф.). Сінт.
Ф. паводле хім. будовы падзяляюць на азафарбавальнікі, антрахінонавыя фарбавальнікі, індыгоідныя фарбавальнікі, азаметынавыя, арылметанавыя, макрагетэрацыклічныя (найб.пашыраны фталацыянінавыя), нітра- і нітрозафарбавальнікі, сярністыя, хінонімінавыя і інш.Тэхн. класіфікацыя Ф. (паводле спосабаў выкарыстання) грунтуецца на метадах фарбавання і характары ўзаемадзеяння Ф. з матэрыялам, які афарбоўваецца. Адрозніваюць Ф. водарастваральныя (асноўныя фарбавальнікі, кіслотныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі, пратраўныя фарбавальнікі і актыўныя Ф.) і нерастваральныя ў вадзе (дысперсныя фарбавальнікі і кубавыя фарбавальнікі), а таксама серныя Ф., што афарбоўваюць валокны ў водных растворах сульфіду натрыю. Ф., якія не раствараюцца ў вадзе і матэрыяле, што афарбоўваецца, наз. пігментамі (гл.Пігменты ў хіміі). Выкарыстоўваюць Ф. ў тэкст., гарбарнай, папяровай, паліграф. прам-сці, каляровай фатаграфіі і кінематаграфіі, медыцыне, а таксама ў якасці актыўнага асяроддзя ў лазерах.
Літ.:
Венкатараман К. Химия синтетических красителей: Пер. с англ.Т. 1—2. Л., 1956—57;
Лисицын В.Н. Химия и технология промежуточных продуктов. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі, што адбываюцца пад уздзеяннем святла (фотахімічныя рэакцыі). Падзяляецца на: Ф. малых малекул (дынаміка элементарнага акта ва ўзбуджаных электронных станах малекул); арган. і неарган. Ф. (фотапераўтварэнні хім. злучэнняў і метады фотахім. сінтэзу), фіз. Ф. (механізмы і кінетычныя заканамернасці фотахім. рэакцый). У Ф. найб.пашыраны метады імпульснага фатолізу, спектраскапіі, таксама электроннай мікраскапіі, дэнсіта- і сенсітаметрыі.
Першыя фотахім. заканамернасці выяўлены ў 19 ст. У 1818 К.І.Дз.Гротгус сфармуляваў прынцып, паводле якога прычынай хім. рэакцыі з’яўляецца святло, што паглынаецца рэчывам. Пазней вызначана, што колькасць прадукту фотахім. рэакцыі прапарцыянальная здабытку інтэнсіўнасці выпрамянення на час яго дзеяння (Р.В.Бунзен, Г.Роска, 1862) і таму неабходна улічваць інтэнсіўнасць паглынутага выпрамянення (Я.Х.Вант-Гоф, 1904). Адно з найб. важных дасягненняў Ф. — вынаходства фатаграфіі (1839), заснаванай на фотахім. раскладанні галагенідаў серабра. Як самаст. навука сфарміравалася ў пачатку 20 ст. пасля з’яўлення квантавай тэорыі і развіцця спектраскапіі. А.Эйнштэйн сфармуляваў закон квантавай эквівалентнасці (1912), паводле якога кожны паглынуты рэчывам фатон выклікае першаснае змяненне (узбуджэнне, іанізацыю) адной малекулы ці атама.
На Беларусі даследаванні па Ф. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі, БДУ і Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Літ.:
Свиридов В.В. Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;
Моро У. Микролитография: Принципы, методы, материалы: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1990;
Уэйн Р. Основы и применения фотохимии. Пер. с англ.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКЕ́Й НА ТРАВЕ́,
спартыўная камандная гульня на травяным газоне з мячом і клюшкай. Гуляюць 2 каманды (па 11 гульцоў) 2 таймы па 35 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць найб. колькасць мячоў у вароты саперніка. Памеры поля 81—91×50—55 м, варот — 3,66×2,14 м. Інвентар: клюшка даўж. 1 м з даўж. крука да 20 см, мяч дыям. да 7,4 см, масай да 163 г.
Падобныя гульні існавалі з 2-га тыс. да н.э. ў стараж. Егіпце, Персіі, Грэцыі. Японіі, на амер. кантыненце. Першы хакейны клуб з’явіўся ў Вялікабрытаніі ў 1861. Правілы гульні сфармуляваны ў 1907. Міжнар. федэрацыя засн. ў 1924. аб’ядноўвае 117 краін, еўрап. федэрацыя — 40 краін (2002). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны) і 1980 (жанчыны). Чэмпіянаты свету сярод мужчынскіх каманд праводзяцца з 1971 раз у 2 гады. сярод жаночых — з 1976; чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (раз у 4 гады) з 1970. Кубак чэмпіёнаў еўрап. краін разыгрываецца штогод з 1969. Найб.пашыраны ў Аўстраліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Новай Зеландыі, Нідэрландах, Пакістане, краінах Афрыкі і інш.
На Беларусі культывуецца з 1970-х г.Бел. федэрацыя ўваходзіць у Міжнар. федэрацыю з 1992. Мужчынская зборная каманда Беларусі ўдзельнічала ў фінале чэмпіянату свету (1994, г. Сідней, Аўстралія) і Еўропы (1995, Дублін), сярэбраны прызёр Міжкантынент. кубка (1997, Куала-Лумпур, Малайзія). У 2000 каманда ўдзельнічала ў адборачным турніры Алімп. гульняў (г. Осака, Японія). Жан. маладзёжная зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца на чэмпіянаце Еўропы (1997, г. Чэске-Будзеёвіцы, Чэхія); у 1999 пераможца чэмпіянату Еўропы. Жан.нац. каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (2002).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ.
У Паўн. Амерыцы (на тэр. ЗША і Канады) паміж Апалачамі на У, Вялікімі раўнінамі на 3, Лаўрэнційскім узв. на Пн і ПнУ і Прымексіканскай нізінай на Пд. Пераважаюць выш. 150—500 м. Ц.р. адпавядаюць паўд.ч.Паўночна-Амерыканскай платформы. Радовішчы кам. вугалю, нафты, газу, кухоннай солі, свінцова-цынкавых руд і барыту.
Паўн. ч. Ц.р. фарміравалася пад уздзеяннем антрапагенавых зледзяненняў. Тут пашыраны марэнна-ўзгорысты рэльеф са шматлікімі азёрамі тэктона-ледавіковага паходжання (Вялікія азёры, Вініпег, Вініпегосіс, Манітоба і інш.). На Пд ад мяжы стараж. зледзяненняў распасціраюцца зандравая раўніна, укрытая лёсамі, парэзаная ярамі, і ўзвышаная раўніна, дзе выхады вапнякоў на паверхню ўтвараюць сталовыя плато (напр., Озарк) з эразійнымі і карставымі формамі. На Пд плато Озарк горы Бостан (выш. да 825 м). Клімат умерана кантынент., на крайнім Пд — субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. адпаведна 19 і 26 °C. Ападкаў 400—1200 мм за год. Б.ч. тэрыторыі раўнін у межах бас.р. Місісіпі, якая разам з прытокамі ўтварае разгалінаваную сістэму водных шляхоў. На Пн рэкі Св. Лаўрэнція і Нельсан. Глебы бурыя, лясныя і чарназёмападобныя. На Пн участкі мяшаных лясоў з дуба, клёна, ліпы, гемлока, елкі і хвоі. На марэнных узгорках ялова-піхтавыя лясы, па далінах рэк — дубова-гікорыевыя зараснікі. На Пд Ц.р. зона высакатраўных прэрый, якія амаль што зведзены ў выніку разворвання і засялення тэрыторыі. Ц.р. — адзін з гал.с.-г. раёнаў ЗША і Канады (збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля), больш за 3/4тэр. пад ворывам і пашамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯТРЫШНІКАКВЕ́ТНЫЯ, архідныя (Orchidales),
парадак і адзінае, самае вял. сямейства (Orchidaceae) аднадольных раслін. 600—700 родаў, больш за 20 тыс. відаў (паводле інш. звестак, каля 800 родаў, 35 тыс. відаў). Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей і пустынь, найб. разнастайныя і шматлікія ў тропіках і субтропіках Амерыкі і Паўд. Азіі. У культуру Я. ўведзены больш за 1 тыс. гадоў назад у Кітаі. У Еўропе паявіліся на мяжы 16—17 ст., у пач. 20 ст. распрацаваны спосаб іх вырошчвання ў аранжарэях з насення, заражанага грыбам-сімбіёнтам. На Беларусі 36 відаў з родаў броўнік, венерын чаравічак, гайнік, гняздоўнік, ладдзян, неатыянта, пальчатакарэннік, тайнік, чараўнік, ядрушка, ятрышнік і інш. Шэраг відаў занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны, наземныя (з карэнішчамі або падземнымі клубнямі) і эпіфіты. Лісце суцэльнае, у эпіфітных форм і сапратрофаў рэдукаванае да лускавінак. Кветкі Я. няправільныя, у коласа- ці гронкападобных суквеццях часам даўж. да 2—3 м, радзей адзіночныя. Калякветнік яркі, пахучы, вычварнай формы, падвоены. Ніжнія пялёсткі (т.зв. губа) складанай будовы, звычайна выступаюць з кветкі і ўтвараюць «пасадачную пляцоўку» для насякомых-апыляльнікаў. У многіх Я. магчыма самаапыленне. Характэрная асаблівасць — зрастанне тычынкі са слупком з утварэннем калонкі. Плод — каробачка. Ад апылення да выспявання насення і пладоў да 2 і болей гадоў. У некат. відаў насенне прарастае толькі пасля пападання ў іх грыбоў, што ўтвараюць эндатрофную мікарызу. Плады ванілі выкарыстоўваюць у харч. прам-сці, з высушаных карэнішчаў ятрышнікаў і некат. інш. відаў атрымліваюць лек. сродак — салеп. Лек., харч., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛЬНА-ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.
Асноўным нарматыўным актам у сістэме крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Крымін.-працэсуальны кодэкс (КПК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 16.7.1999. Ён замяніў КПК 1960 і стаў часткай судова-прававой рэформы, якая праводзілася ў краіне ў 1990-я г. Дзейны КПК грунтуецца на прынцыпах законнасці, прэзумпцыі невінаватасці, забеспячэння правоў і свабод грамадзян, ажыццяўлення правасуддзя толькі судом і на аснове спаборніцтва бакоў і інш. У ім пашыраны кола ўдзельнікаў працэсу і іх правы, праведзена дыферэнцыяцыя працэсуальнай формы папярэдняга расследавання і судовага разбору, па многіх пазіцыях ураўнаваны правы і абавязкі бакоў у працэсе. Па сутнасці цалкам замацоўваецца новы тып крымін. працэсу, пабудаванага на пачатках спаборніцтва, непарушнасці канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, дакладным размежаванні функцый абвінавачання, абароны і вырашэння справы. У структурных адносінах кодэкс складаецца з трох частак.
У 1-й частцы «Агульныя палажэнні» вызначаюцца задачы і прынцыпы крымін.-працэсуальнага заканадаўства ў часе і прасторы, кола ўдзельнікаў крымін. працэсу, іх прававы статус, патрабаванні да доказаў, меры працэсуальнага прымусу, парадак заяў і вырашэння хадайніцтваў і скаргаў. 2-я частка «Узбуджэнне справы» рэгламентуе парадак узбуджэння і папярэдняга расследавання крымін. справы, правядзення асобных следчых дзеянняў (допыт, вобыск, агляд і г.д.). У 3-й частцы «Судаводства» рэгламентавана працэдура разгляду і вырашэння крымін. спраў у судзе першай, касацыйнай і нагляднай інстанцый, а таксама пры праве па крымін. справах па новаадкрытых падставах. У ёй замацоўваюцца асаблівасці разгляду крымін. спраў прыватнага абвінавачання, злачынствах, здзейсненых асобамі ва ўзросце да 18 гадоў і інш.