ФОТАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі, што адбываюцца пад уздзеяннем святла (фотахімічныя рэакцыі). Падзяляецца на: Ф. малых малекул (дынаміка элементарнага акта ва ўзбуджаных электронных станах малекул); арган. і неарган. Ф. (фотапераўтварэнні хім. злучэнняў і метады фотахім. сінтэзу), фіз. Ф. (механізмы і кінетычныя заканамернасці фотахім. рэакцый). У Ф. найб. пашыраны метады імпульснага фатолізу, спектраскапіі, таксама электроннай мікраскапіі, дэнсіта- і сенсітаметрыі.
Першыя фотахім. заканамернасці выяўлены ў 19 ст. У 1818 К.І.Дз.Гротгус сфармуляваў прынцып, паводле якога прычынай хім. рэакцыі з’яўляецца святло, што паглынаецца рэчывам. Пазней вызначана, што колькасць прадукту фотахім. рэакцыі прапарцыянальная здабытку інтэнсіўнасці выпрамянення на час яго дзеяння (Р.В.Бунзен, Г.Роска, 1862) і таму неабходна улічваць інтэнсіўнасць паглынутага выпрамянення (Я.Х.Вант-Гоф, 1904). Адно з найб. важных дасягненняў Ф. — вынаходства фатаграфіі (1839), заснаванай на фотахім. раскладанні галагенідаў серабра. Як самаст. навука сфарміравалася ў пачатку 20 ст. пасля з’яўлення квантавай тэорыі і развіцця спектраскапіі. А.Эйнштэйн сфармуляваў закон квантавай эквівалентнасці (1912), паводле якога кожны паглынуты рэчывам фатон выклікае першаснае змяненне (узбуджэнне, іанізацыю) адной малекулы ці атама.
На Беларусі даследаванні па Ф. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, БДУ і Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Літ.:
Свиридов В.В. Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;
Моро У. Микролитография: Принципы, методы, материалы: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1990;
Уэйн Р. Основы и применения фотохимии. Пер. с англ. М., 1991.
Т.М.Вараб’ёва.
т. 16, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)