ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

арганічныя злучэнні, якія выкарыстоўваюць для фарбавання розных матэрыялаў і вырабаў (тканін, паперы, пластмас, футра і інш.). Колер Ф. абумоўлены наяўнасцю ў малекуле храмафорнай сістэмы (гл. Колернасці тэорыя). Адрозніваюць Ф. прыродныя, якія ўтвараюцца жывымі арганізмамі (фарбавальнымі раслінамі, некат. малюскамі і інш.), і сінтэтычныя, якія атрымліваюць метадамі арган. сінтэзу.

Да сярэдзіны 19 ст. для фарбавання тканін, скуры, паперы, вырабаў маст. фарбаў выкарыстоўвалі прыродныя Ф. (алізарын, індыга, кармін і інш.). Адкрыты ў 1842 М.М.Зініным універсальны метад атрымання аналіну і інш. араматычных амінаў стаў асновай прамысл. вытв-сці сінт. Ф., якія ў пач. 20 ст. амаль цалкам замянілі прыродныя Ф. (цяпер у свеце вырабляюць каля 1500 сінт. Ф.). Сінт.

Ф. паводле хім. будовы падзяляюць на азафарбавальнікі, антрахінонавыя фарбавальнікі, індыгоідныя фарбавальнікі, азаметынавыя, арылметанавыя, макрагетэрацыклічныя (найб. пашыраны фталацыянінавыя), нітра- і нітрозафарбавальнікі, сярністыя, хінонімінавыя і інш. Тэхн. класіфікацыя Ф. (паводле спосабаў выкарыстання) грунтуецца на метадах фарбавання і характары ўзаемадзеяння Ф. з матэрыялам, які афарбоўваецца. Адрозніваюць Ф. водарастваральныя (асноўныя фарбавальнікі, кіслотныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі, пратраўныя фарбавальнікі і актыўныя Ф.) і нерастваральныя ў вадзе (дысперсныя фарбавальнікі і кубавыя фарбавальнікі), а таксама серныя Ф., што афарбоўваюць валокны ў водных растворах сульфіду натрыю. Ф., якія не раствараюцца ў вадзе і матэрыяле, што афарбоўваецца, наз. пігментамі (гл. Пігменты ў хіміі). Выкарыстоўваюць Ф. ў тэкст., гарбарнай, папяровай, паліграф. прам-сці, каляровай фатаграфіі і кінематаграфіі, медыцыне, а таксама ў якасці актыўнага асяроддзя ў лазерах.

Літ.:

Венкатараман К. Химия синтетических красителей: Пер. с англ. Т. 1—2. Л., 1956—57;

Лисицын В.Н. Химия и технология промежуточных продуктов. М., 1987.

А.​І.​Валожын.

т. 16, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)