СУЛЬФІ́ДЫ (ад лац. sulphur, sulfur cepa),

хімічныя злучэнні серы з больш электрададатнымі элементамі, пераважна металамі; адносяцца да металідаў. Бінарныя С. агульнай ф-лы M2Sn (М — метал, n — валентнасць металу) могуць разглядацца як солі серавадароднай к-ты H2S (гл. Серавадарод). С. пашыраны ў прыродзе; С. прыродныя — адзін з класаў мінералаў, найб. шырока выкарыстоўваюць — пірыт, сфалерыт, малібдэніт, кінавар.

С. падзяляюць на 3 асн. групы. С. шчолачных, шчолачназямельных металаў і магнію — солепадобныя, бясколерныя гіграскапічныя рэчывы. Маюць высокія т-ры плаўлення (напр., С. кальцыю CaS t 2525 °C). Многія раствараюцца ў вадзе з раскладаннем (гідралізуюцца). У паветры акісляюцца да сульфатаў. С. пераходных металаў — крышт. тугаплаўкія рэчывы (напр., С. лантану LaS tпл 2190 °C, цэрыю CeS tпл 2450 °C). Не раствараюцца ў вадзе, хімічна ўстойлівыя. С. p-элементаў і блізкія да іх С. цынку ZnS, кадмію CdS, ртуці HgS — крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў мінер. к-тах, акісляюцца ў паветры пры награванні. Шэраг элементаў утварае полісульфіды, у якіх атамы серы злучаныя паміж сабой. Асабліва схільныя да ўтварэння полісульфідаў калій, натрый, амоній і шчолачназямельныя элементы. Пры награванні яны лёгка раскладаюцца на простыя С. і серу. Атрымліваюць С. ўзаемадзеяннем простых рэчываў у вакууме ці інертнай атмасферы, H2S з металамі, іх аксідамі і гідраксідамі, аднаўленнем сульфатаў. Прыродныя С. выкарыстоўваюць для атрымання металаў, сернай к-ты і сульфатаў (пірыт), сінт. — у гарбарнай прам-сці для дублення скуры (С. барыю BaS, натрыю Na2S), як люмінафоры і паўправадніковыя матэрыялы (напр., ZnS, CdS), ZnS як кампанент літапону, у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі (полісульфіды кальцыю і барыю).

Літ.:

Самсонов Г.В., Дроздова С.В. Сульфиды. М., 1972.

А.​П.​Чарнякова.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)