ЯТРЫШНІКАКВЕ́ТНЫЯ, архідныя (Orchidales),
парадак і адзінае, самае вял. сямейства (Orchidaceae) аднадольных раслін. 600—700 родаў, больш за 20 тыс. відаў (паводле інш. звестак, каля 800 родаў, 35 тыс. відаў). Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей і пустынь, найб. разнастайныя і шматлікія ў тропіках і субтропіках Амерыкі і Паўд. Азіі. У культуру Я. ўведзены больш за 1 тыс. гадоў назад у Кітаі. У Еўропе паявіліся на мяжы 16—17 ст., у пач. 20 ст. распрацаваны спосаб іх вырошчвання ў аранжарэях з насення, заражанага грыбам-сімбіёнтам. На Беларусі 36 відаў з родаў броўнік, венерын чаравічак, гайнік, гняздоўнік, ладдзян, неатыянта, пальчатакарэннік, тайнік, чараўнік, ядрушка, ятрышнік і інш. Шэраг відаў занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны, наземныя (з карэнішчамі або падземнымі клубнямі) і эпіфіты. Лісце суцэльнае, у эпіфітных форм і сапратрофаў рэдукаванае да лускавінак. Кветкі Я. няправільныя, у коласа- ці гронкападобных суквеццях часам даўж. да 2—3 м, радзей адзіночныя. Калякветнік яркі, пахучы, вычварнай формы, падвоены. Ніжнія пялёсткі (т.зв. губа) складанай будовы, звычайна выступаюць з кветкі і ўтвараюць «пасадачную пляцоўку» для насякомых-апыляльнікаў. У многіх Я. магчыма самаапыленне. Характэрная асаблівасць — зрастанне тычынкі са слупком з утварэннем калонкі. Плод — каробачка. Ад апылення да выспявання насення і пладоў да 2 і болей гадоў. У некат. відаў насенне прарастае толькі пасля пападання ў іх грыбоў, што ўтвараюць эндатрофную мікарызу. Плады ванілі выкарыстоўваюць у харч. прам-сці, з высушаных карэнішчаў ятрышнікаў і некат. інш. відаў атрымліваюць лек. сродак — салеп. Лек., харч., дэкар. расліны.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 6. М., 1982.
т. 18, кн. 1, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)