ФАНАЛО́ГІЯ (ад фана... + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае функцыянальны бок гукавога ладу мовы — адрозненне значымых адзінак (марфем, слоў, сказаў) і адрознівальныя сродкі. Вылучылася з фанетыкі, часта разглядаецца як яе раздзел. Зарадзілася ў рас. мовазнаўстве (І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, М.С.Трубяцкой, Л.У.Шчэрба і інш.).
У Ф. вызначаюць 3 функцыі гукаў: кульмінатыўную (вяршынеўтваральную), дэлімітатыўную (размежавальную) і дыстынктыўную (сэнсаадрознівальную). На аснове апошняй вылучаюць фанемы. Ф. падзяляецца на фанематыку (сегментную Ф.), прасодыку (суперсегментную Ф.); апісальную і тэарэтычную Ф. Фанематыка вывучае функцыянаванне сегментных элементаў (фанем), прасодыка — суперсегментных элементаў, якія пашыраюцца больш як на адзін сегмент (націск, інтанацыя). Фанематыка выяўляе таксама сістэмныя адносіны паміж фанемамі, якія ў бел. мове грунтуюцца на проціпастаўленні цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых, выбухных і афрыкатыўных зычных, галосных верхняга і няверхняга пад’ёму, агубленых і неагубленых. Тэарэт. Ф. даследуе прыроду фаналагічнай рэальнасці і распрацоўвае апарат яе паняццяў, апісальная Ф. вывучае фаналагічную сістэму моў, адкрывае універсальныя фаналагічныя заканамернасці (сінхранічная Ф.), аналізуе развіццё фаналагічных сістэм канкрэтных моў (дыяхранічная Ф.). У сучаснай Ф. некалькі кірункаў, якія адрозніваюцца разуменнем прыроды фаналагічнай рэальнасці і азначэннем яе асн. адзінак. Гал. з іх склаліся ў межах Пражскай лінгвістычнай школы, гласематыкі, дэскрыптыўнай лінгвістыкі, параджальнай граматыкі. У рас. навуцы найб. пашыраны канцэпцыі Маскоўскай і Пецярбургскай фаналагічных школ. Фаналагічныя даследаванні на Беларусі вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (М.В.Бірыла, А.А.Крывіцкі, А.І.Падлужны) і Мінскім лінгвістычным ун-це.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.Л.Падлужны.
т. 16, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)