адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,
прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).
Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т. л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТА́КСІС (ад пара... + грэч. taxis размяшчэнне),
злучэнне, каардынацыя, від сінтагматычнай сувязі дзвюх моўных адзінак (частак складанага сказа, рэплік дыялогу і інш.), пры якой іх значэнні застаюцца ў адносінах лагічнай і грамат. раўнапраўнасці, а форма кожнай з іх не залежыць адна ад адной («блакітна-зялёны», «ціха-ціха», «дзед і ўнукі», «перашэптваліся і сарамліва паглядалі»), «То дождж ідзе, то сонца свеціць»), Процілеглае паняцце — гіпатаксіс. Процілегласць фармальна выяўляецца ў абарачальнасці сінтагматычнай канструкцыі пры П. (магчымасць перастаноўкі тыпу «зялёна-блакітны», «унукі і дзед», «сарамліва паглядалі і перашэптваліся», «То сонца свеціць, то дождж ідзе») і неабарачальнасці пры гіпатаксісе. У жывым маўленні строгай апазіцыі П. і гіпатаксісу няма з-за існавання вял. колькасці пераходных сінтагматычных пабудоў. П. і гіпатаксіс — з’явы рознафункцыянальныя: П. адлюстроўвае паслядоўнасць адзінак з пункту гледжання каардынацыі і сэнсу, гіпатаксіс выяўляе сэнсавую і фармальную залежнасць частак сінтагматычнай канструкцыі. У больш вузкім сэнсе П. і гіпатаксіс звязваюць з характарам узаемаадносін толькі паміж членамі простага сказа і часткамі складанага сказа (гл.Злучэнне ў граматыцы, Падпарадкаванне ў граматыцы).
Літ.:
Кручинина И.Н. Структура и функции сочинительной связи в русском языке. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І ІРАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,
узаемавызначальныя і ўзаемавыключальныя філас. паняцці, якія характарызуюць меру падуладнасці з’яў рэчаіснасці розуму чалавека; вызначаюць пазнанне і дзейнасць чалавека. Рацыянальнае (ад лац. rationalis разумны) — тое, што адносіцца да сферы розуму (развагі), што ім пазнана, абгрунтавана. Для рацыянальнага пазнання характэрна спасціжэнне рэчаіснасці ў адпаведнасці з законамі логікі, нормамі і правіламі мыслення, вынікам чаго з’яўляюцца мэтазгодныя ідэі, здольныя знайсці практычнае ўвасабленне. Вылучаюцца 2 формы рацыянальнага: развагавае (пазнанне адноснага) і разумовае (пазнанне абсалютнага; гл.Развага і розум). Рацыянальнае звычайна супрацьпастаўляюць і рацыянальнаму, і пачуццёваму. Ірацыянальнае (ад лац. irrationalis неразумны, несвядомы) — тое, што выходзіць па-за межы розуму і несумяшчальнае з ім; выступае асновай некаторых філас. кірункаў, напр., інтуітывізму, валюнтарызму і інш.Паняцце ірацыянальнага мае важнае значэнне ў гнасеалагічным плане, яно звязана з немагчымасцю суб’екта спасцігнуць «канчатковую» ісціну. Аднак у працэсе развіцця практыкі, пазнання і мыслення спектр ірацыянальнага ў пазнанні звужаецца. Паняцці Р. і і. атрымліваюць рознабаковую трактоўку і знаходзяць увасабленне ў філас. кірунках, тыпах тэарэт. асэнсавання рэчаіснасці — рацыяналізме і ірацыяналізме.
Літ.:
Порус В.Н. Парадоксальная рациональность. М., 1999;
Рациональность на перепутье. Кн. 1—2. М., 1999;
Иванов А.В. Пути противостояния современному иррационализму // Вест. Моск. ун-та. Сер. 7. Философия. 2000. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў геаметрыі,
уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.
Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадкуnадносна пункта (цэнтра С. парадку п), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільны n-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш.матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
А.А.Гусак.
Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСТВА,
сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой гал. ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гіст. формах і тыпах. Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства. У гісторыі філас., сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Мысліцелі Н.Макіявелі, Т.Гобс бачылі ў грамадстве сродак сац. кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г.Гроцый, Д.Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г.Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла матэрыяліст. тэорыя грамадства (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін, Г.В.Пляханаў). Яна аспрэчвае гал. пастулат ранейшых поглядаў на тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід.Паняцце грамадства ў матэрыяліст. разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутр. структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах. У апошняй трэці 20 ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навук.-тэхн. прагрэс і выкліканыя ім сац.-эканам. вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асн. крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусв. сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сац.-эканам. версіямі індустр. грамадства з’яўляюцца дабрабыту тэорыя і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустр. грамадства з’яўляюцца тэорыі постіндустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.
Літ.:
Волков А.И. Человеческое измерение прогресса. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,
інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.
Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.
Літ.:
Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;
Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;
Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗКАСЦЬ, унутранае трэнне,
уласцівасць газаў, вадкасцей і цвёрдых цел супраціўляцца іх цячэнню (для цвёрдых цел — развіццю астаткавых дэфармацый) пад уздзеяннем вонкавых сіл. Характарызуе сілавое ўзаемадзеянне (інтэнсіўнасць перадачы імпульсу) паміж слаямі вадкасці (газу) пры любых цячэннях. Звязана са структурай рэчыва і адлюстроўвае фіз.-хім. змены ў рэчывах пры тэхнал. працэсах. Гелій мае асаблівыя вязкасныя ўласцівасці — звышцякучасць.
Вязкасць газаў абумоўлена цеплавым рухам малекул (вынік пастаяннага абмену малекуламі паміж слаямі і таму для надзвычай разрэджаных газаў паняцце вязкасці страчвае сэнс), вадкасцей — міжмалекулярным узаемадзеяннем. Пры ламінарным цячэнні вязкіх вадкасцей і газаў (закон І.Ньютана; 1687) датычная сіла трэння, што выклікае зрух слаёў вадкасцей (газаў) адносна адзін аднаго, прапарцыянальная градыенту скорасці ў напрамку, перпендыкулярным слою, што разглядаецца, і плошчы слоя, пры якім адбываецца зрух; каэфіцыент прапарцыянальнасці наз. дынамічнай вязкасцю η (характарызуе інтэнсіўнасць ператварэння работы знешніх сіл у цеплыню). Кінематычная вязкасць , дзе ρ — шчыльнасць вадкасці (газу). У цвёрдых целах вязкасць характарызуе ўласцівасць неабарачальна паглынаць мех. энергію пры пластычных дэфармацыях; вызначаецца адносінамі работы дэфармацыі да папярочнага сячэння (або аб’ёму) узору. Гл. таксама Рэалогія.
Да арт.Вязкасць: F — датычная сіла, прыкладзеная да рухомай пласціны B, што рухаецца з пастаяннай скорасцю V0; V(Z) — залежнасць скорасці слоя вадкасці (газу) ад яго адлегласці Z ад нерухомай пласціны A.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ПА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
адносна ўстойлівая сукупнасць людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю і нормамі ўзаемаадносін. Асн. функцыі групы сацыяльнай: сумеснае дасягненне агульных мэт, сацыялізацыя людзей, задавальненне іх патрэб у эмацыянальным кантакце і падтрымцы. Групы падзяляюцца на малыя і вялікія. Малая група сацыяльная (пярвічная, нефармальная, фармальная, харызматычная, рэфератная) адрозніваецца непасрэднымі кантактамі паміж яе членамі, налічвае ад 2 да 20 і болей чал.Паняцце «пярвічная група» ўведзена для абазначэння сям’і, суседскіх і сяброўскіх кампаній, забяспечвае першасную сацыялізацыю індывідаў і характарызуецца высокай ступенню эмацыянальнасці ўзаемаадносін, салідарнасцю і развітой групавой самасвядомасцю. Нефармальная група ўтвараецца на аснове міжасобасных кантактаў, узаемных сімпатый і падабенства інтарэсаў яе членаў. Фармальная фарміруецца для дасягнення пэўных мэт і адрозніваецца развітой арганізацыйнай структурай. Харызматычная займае прамежкавае становішча паміж нефармальнай і фармальнай групамі. Асаблівую ролю ў ёй адыгрывае лідэр, які мае велізарную прыцягальную сілу і абаянне. Рэферэнтная група (уяўная і рэальная) — група, каштоўнасці і нормы якой служаць эталонам. Вялікая група сацыяльная — шматлікая супольнасць людзей, якія часта не ўступаюць у непасрэдны кантакт паміж сабой, але маюць падобнае сац. становішча і аб’ектыўную агульнасць інтарэсаў — класы, сац. слаі, праф. групы, этнічныя супольнасці (нацыя, народнасць, племя), узроставыя групы (моладзь, пенсіянеры) і інш.
Літ.:
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ.М., 1994;
Щепаньский Я. Элементарные понятия социологии: Пер.с. пол. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСАНА́НС (франц. dissonance ад лац. dissono нязладжана гучу) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў рэзкага няўзгодненага гучання. Процілеглае Д. паняцце — «кансананс». Тэрміны «Д.» і «кансананс» паасобку эстэтычна не ацэньваюцца. Іх нельга атаясамліваць са зладжаным і нязладжаным гучаннем (какафоніяй). Яны адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычны Д. выяўляецца ў несупадзенні вял. колькасці абертонаў гэтых гукаў. Да Д. належаць павялічаныя і паменшаныя інтэрвалы — вял. і малыя секунды і септымы, трытон і інш., акорды, якія ўключаюць хоць адзін з гэтых інтэрвалаў, і акорды, складзеныя з кансанансаў, калі адзін з верхніх галасоў утварае чыстую кварту з басам (мажорныя і мінорныя квартсекстакорды).
У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж Д. і кансанансам дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. Д. успрымаецца як напружанае і няўстойлівае сугучча, выяўляе імкненне, рух да вырашэння — заканамернага пераходу ў адпаведны кансананс. Да 17 ст. Д. выкарыстоўвалі звычайна ва ўмовах правільнай падрыхтоўкі і вырашэння. У 17—19 ст. Д. страціў прамую залежнасць ад папярэдняга кансанансу, абавязковым засталося толькі яго вырашэнне. У музыцы 20 ст. набывае ўсё большую самастойнасць, у некат. стылях (напр., у кампазітараў нававенскай школы) цалкам выцясняе кансананс, што стала падставай для ўзнікнення тэорый, якія прынцыпова адмаўляюць адрозненні паміж Д. і кансанансам.