ШЧА́СЦЕ,
паняцце маральнага ўсведамлення, якое адпавядае ўнутр. задаволенасці чалавека ўмовамі свайго быцця, паўнаце і асэнсаванасці жыцця, ажыццяўленню свайго чалавечага прызначэння. У Стараж. Грэцыі першапачаткова Ш. (eudaimonia) атаясамлівалася з апекаваннем багоў. Эпікурэйцы (гл. Эпікурэізм) звязвалі Ш. з асалодай (геданізм), а стоікі — з дасягненнем унутр. свабоды, незалежнай ад абставін лёсу. Згодна з хрысц. вучэннем (Фама Аквінскі і інш.) забяспечыць Ш. можа толькі Бог. Для многіх філас. і этычных вучэнняў 20 ст. характэрна інтэрпрэтацыя Ш. ў экзістэнцыяльным плане, як суб’ектыўнае перажыванне чалавекам стану адзінства сутнасці і існавання. Феномену Ш. ўласцівы нарматыўна-каштоўнасны характар. Як і мара, Ш. з’яўляецца пачуццёва-эмацыянальнай формай ідэалу, але ў адрозненне ад яе ўяўляе сабой не абстрактны ўзор, а здзяйсненне імкненняў асобы. Адчуванне Ш. непарыўна звязана з забеспячэннем якасці жыцця асобы, уплывае на фарміраванне пэўнай жыццёвай пазіцыі. Гл. таксама Аптымізм і песімізм, Эўдэманізм.
С.А.Яцкевіч.
т. 17, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)