аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.
Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб.стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАМА́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (16.5.1817, с. Юрасаўка Альхавацкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 19.4.1885),
расійскі і ўкр. гісторык, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Праф. Кіеўскага (1846—47) і Пецярбургскага (1859—62) ун-таў. Магістр філалогіі (1844). Скончыў Харкаўскі ун-т (1836). Адзін з арганізатараў і чл.Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства (1846—47), выступаў за стварэнне федэрацыі слав. народаў (са значнай аўтаноміяй для кожнага) пад кіраўніцтвам Расіі; за ўдзел у дзейнасці т-ва арыштаваны і сасланы ў Саратаў (1848—56). Адзін з заснавальнікаў і супрацоўнікаў укр.час. «Основа» (1861—62). Складальнік-рэдактар Актаў Паўднёвай і Заходняй Расіі, чл.Археаграфічнай камісіі. Даследаваў гісторыю і гіст. асаблівасці рус. і ўкр. народаў пераважна праз іх побыт, нац. псіхалогію, фальклор (этнагр. падыход). Аўтар прац «Аб прычынах і характары уніі ў Заходняй Расіі» (1841, забаронена і знішчана ўладамі), «Барацьба ўкраінскіх казакоў з Польшчай у першую палову XVII ст.» (1856), «Багдан Хмяльніцкі і вяртанне Паўднёвай Русі да Расіі» (1857), «Бунт Сценькі Разіна» (1858), «Апошнія гады Рэчы Паспалітай» (1869), гіст.-біягр. партрэтаў гіст. дзеячаў Расіі і Рэчы Паспалітай 16—18 ст., драмы на ўкр. мове «Сава Чалы» (1838), гіст. рамана «Кудзяяр» (1875) і інш.
Тв.:
Исторические монографии и исследования. Т. 1—2. М., 1990;
Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. Кн. 1—3, вып. 1—7. М., 1990—92;
Мазепа. М., 1992;
Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБЫ́ (Mycota),
група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.
Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.
У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.
Літ.:
Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;
Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХу біялогіі,
перамяшчэнне ў прасторы асобіны або яе часткі, у т. л.цытаплазмы. Аснова Р. — пераважна рэакцыя ўзаемадзеяння паміж скарачальнымі бялкамі (актынам і міязінам) і адэназінтрыфосфарнай кіслатой. Ва ўнутр. асяроддзі адбываецца ў форме ўзаемазвязаных працэсаў, якія накіраваны на захаванне гамеастазу і забеспячэнне аптымальнай хуткасці абмену рэчываў, стрававання, дыхання, выдзялення і інш. на субклетачным, клетачным, тканкавым, сістэмным і арганізмавым узроўнях. У жывёл спосаб перамяшчэння асобіны залежыць ад тыпу лакамоцыі і ўмоў навакольнага асяроддзя (наземнае, воднае, паветранае). Адзіночныя клеткі (напр., амёбы, фібрабласты, макрафагі) рухаюцца шляхам павольнага перацякання пратаплазмы; некат. віды выкарыстоўваюць жгуцікі і раснічкі або спец. прыстасаванні (шчацінкі, лускавінкі, шчыткі), з дапамогай якіх яны чапляюцца за няроўнасці субстрату. Найб. пашыраная канструкцыя органаў Р. — канечнасці — сістэма рычагоў, якія рухаюцца з дапамогай скарачэння мышцаў. У большасці раслінасн. спосаб іх Р. — рост расцяжэннем. Адбываецца ў выніку павелічэння даўж. і (або) дыяметра клетак і павелічэння аб’ёму ў 10—100 разоў. Неабарачальнасць расцяжэння клетак — адно з важных умоў росту і морфагенезу органаў. Знаходзіцца пад кантролем фітагармонаў, пераважна аўксінаў, абсцызавай кіслаты і этылену. На аснове механізму росту расцяжэннем у працэсе эвалюцыі паявіліся больш дасканалыя формы Р.: трапізмы, настыі, нутацыі. У свеце раслін таксама пашыраны спосабы мех. пасіўных Р. (напр., перанос спор, пылку, насення струменямі паветра, вады або жывёламі).
Літ.:
Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ.М., 1970;
Каппуччинелли П. Подвижность живых клеток: Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНАЛО́ГІЯ (ад грэч. palynē тонкі пыл + ...логія),
раздзел батанікі, што вывучае форму і будову абалонак пылковых зерняў і спор сучасных (рэцэнтная П.) і стараж. вышэйшых раслін і інш. выкапнёвых мікрааб’ектаў расл. паходжання (палеапаліналогія); даследуе таксама іх развіццё, заканамернасці рассейвання, пахавання і інш. Звязана з гіст. геалогіяй, палеанталогіяй, сістэматыкай раслін. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў аграноміі, археалогіі, крыміналістыцы, медыцыне, стратыграфіі, экалогіі і інш.
Зараджэнне рэцэнтнай П. (17—18 ст.) звязана з даследаваннем мікраструктуры раслін, палеапаліналогіі (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — з вывучэннем бат. складу торфу і распрацоўкай спорава-пылковага аналізу. Тэрмін «П.» ўжываецца з 1944 (англ. палеабатанікі Х.Хайд і Д.Уільямс). Уклад у развіццё П. зрабілі У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў, ням. вучоныя А.Ібрагім, Г.Патанье, англ. — Г.Крэмп, швед. — Г.Лагерхейм, Л.Пост, Г.Эртман, рас. — І.Э.Вальц, В.Ф.Дзюба, Л.А.Купрыянава, А.А.Любер, С.М.Навумава і інш.
На Беларусі палеапаліналогія развіваецца з 1925 (У.Шафер). Сістэм. даследаванні вядуцца з 1948—56 (Н.А.Махнач, Г.І.Кеда, С.С.Маныкін), сканцэнтраваны ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (А.Ф.Бурлак, Т.Б.Рылова, В.Л.Шалабода, Я.К.Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (Т.Р.Абухоўская, В.А.Аўхімовіч, Н.С.Някрата, Л.У.Піскун і інш.) і маюць біястратыграфічны і марфал. кірункі.
Літ.:
Палеопалинология. Т. 1—3. Л., 1966;
Кремп Г.О.У. Палинологическая энциклопедия: Пер. с англ.М., 1967;
Споры палеозоя Белоруссии. Мн., 1974;
Флора и растительность Белоруссии в палеогеновое, неогеновое и антропогеновое время. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтр г. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтр г. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскае ваяв., усх.ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах.ч. Украіны з Львовам і паўд.ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.