ПІРЭНАМІЦ́Э́ТЫ (Prenomycetiidae),

група парадкаў грыбоў падкл. эўаскаміцэтаў. 5 парадкаў: гіпакрэальныя, дыяпартальныя, клавіцыпітальныя, мучністарасяныя грыбы, сферыяльныя. Каля 640 родаў, 6 тыс. (па інш. звестках да 10 тыс.) відаў. Пашыраны ўсюды.

Пладовыя целы — перытэцыі, радзей — клейстатэцыі. Утвараюцца на шчыльным спляценні міцэлію — стромах. Стромы цвёрдыя і мяккія, плоскія, круглыя, галінастыя. Сумкі 8-споравыя, звычайныя, булавападобныя, размешчаны пучкамі або слоем. Аскаспоры разнастайнай формы і афарбоўкі, у перытэцыяльных форм іх вызваленне актыўнае, у клейстатэцыяльных — пасіўнае. У некат. перытэцыі маюць доўгія шыйкі, здольныя да фотатрапізму, што спрыяе выкідванню спор у больш асветленыя месцы. Сапратрофы, некат. — паразіты раслін.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)