НАЗЕ́МА (Nosema),

род прасцейшых групы мікраспарыдый. Каля 120 відаў. Пашыраны ўсюды. Спецыфічныя ўнутрыклетачныя паразіты жывёл (пераважна членістаногіх) і чалавека. Напр., Н. шаўкапрадавая (N. bombycis), пчаліная (N. apis), трусіная (N. cuniculi, або Encephalitozoon cuniculi), шчэлепная (N. branchialis), N. chagasi (у чалавека) і інш. выклікаюць назематозы.

Споры даўж. 3—7 мкм, прадаўгаватыя, з моцнай абалонкай, змяшчаюць двух’ядзерны амёбападобны зародак і жыгучую капсулу са спіральнай трубчастай ніццю. Пасля заглынання споры гаспадаром зародак трапляе ў клетку кішэчнага эпітэлію і шматразова дзеліцца з утварэннем ланцужкоў аднаядзерных клетак (могуць разносіцца па арганізме з крывёю), потым двух’ядзерных клетак і спор, якія выводзяцца з экскрэментамі.

Будова споры наземы шаўкапрадавай: 1 — зародак; 2 — жыгучая капсула.

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)