СТРЭПТАКО́КІ (Streptococcus),

род бактэрый сям. стрэптакокавых. Каля 20 відаў. Трапляюцца ў глебе, на раслінах, скуры жывёл і чалавека. Сапрафітныя, умоўна патагенныя і патагенныя віды.

Клеткі нерухомыя, шарападобныя, размешчаныя ланцужкамі або парамі. Грамстаноўчыя. Факультатыўныя анаэробы, хемаарганагетэратрофы. Спор не ўтвараюць. Патагенныя С. выдзяляюць экза- і эндатаксіны, з’яўляюцца ўзбуджальнікамі сепсісу, гнойных запаленняў, ангіны, пнеўманіі, рэўматызму і інш. хвароб. Энтэракок (S. faecalis) жыве ў страўніку жывёл і чалавека, індыкатар фекальнага забруджвання. Некат. віды зброджваюць глюкозу ў малочную к-ту, выкарыстоўваюцца ў малочнай і харч. прам-сці.

А.​І.​Ерашоў.

т. 15, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)