ЭЎРАЦЫЯ́ЛЬНЫЯ (Eurotiales),

парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў плектаміцэтаў. 3 сямействы: гімнааскавыя, эўроцыевыя, элафаміцэтавыя. Каля 150 відаў. Пашыраны ўсюды. Большасць сапратрофы на субстратах расл. і жывёльнага паходжання, некат. віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека.

Пладовыя целы — клейстатэцыі, звычайна мікраскапічныя. на паверхні субстрату або апушчаныя ў яго. Сумкі ўтвараюцца групамі адкрыта ці ў клейстатэцыях. Вызваленне спор пасіўнае. Важнае значэнне ў жыццёвым цыкле мае канідыяльная стадыя. У многіх Э. палавая стадыя адсутнічае або трапляецца рэдка. Выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці для атрымання арган. к-т, ферментаў. антыбіётыкаў (сумчатыя стадыі аспергіла, пеніцыла).

С.​І.​Бельская.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)