род кусцістых лішайнікаў сям. кладоніевых. 43 віды. Пашырана ў тундры, лесатундры, таежнай зоне. На Беларусі 6 відаў, найб. вядомыя К. аленевая (C. rangiferina), зорчатая (C. stellaris), лясная (C. arbuscula), мяккая (C. mitis). Растуць на пясчаных глебах у хваёвых лясах, утвараючы суцэльнае покрыва, трапляюцца на гнілой драўніне, купінах балот.
Першасная слаявіна — гарыз. непрыкметная бугрыстая скурачка, якая хутка знікае; другасная — верт. разгалінаваныя вырасты (падэцыі), утвараюць дзярнінкі выш. да 20 см. Пладовыя целы (апатэцыі) на канцах галінак, карычневыя, трапляюцца рэдка. У сумцы 8 спор. Споры бясколерныя 1—2—4-клетачныя. Фікабіёнт — зялёная водарасць Trebouxia. Корм для капытных жывёл (гл.Ягель), выкарыстоўваецца ў медыцыне; індыкатар забруджвання навакольнага асяроддзя.