НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),

рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс. км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс. км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс. м³/с, макс. — да 15 тыс. м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн. м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял. эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн. га у Егіпце і каля 1,1 млн. га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс. км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл. Егіпет Старажытны).

Рака Ніл каля Вышыннай Асуанскай плаціны.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАВО́ДСТВА,

тэорыя і практыка развядзення і гадоўлі рыбы, павелічэння і паляпшэння якасці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Як галіна нар. гаспадаркі ўключае Р. сажалкавае, садковае, індустрыяльнае, у вадаёмах натуральных і комплекснага прызначэння. Кірункі сучаснага Р. — меліярацыя і ўгнаенне сажалак для стымулявання іх прыроднай базы, удасканаленне спосабаў кармлення рыб, селекцыя высокапрадукцыйных парод, вырошчванне полікультуры рыб і інш.

На Беларусі Р. развівалася з 18 ст. (пераважна ў памешчыцкіх гаспадарках), спецыялізавалася на гадоўлі карпа і стронгі. Найб. вядомы комплекс «Альба» князёў Радзівілаў каля Нясвіжа. Да 1917 на Беларусі мелася 856 га рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасць якіх не перавышала 0,6 ц/га. Прамысл. Р. пашыралася ў 1920—30-я г., пабудаваны сажалкавыя гаспадаркі: у 1924 «Белае» (пл. сажалак 1268 га) Жыткавіцкага, у 1932 «Волма» (1553 га) Чэрвеньскага і «Трэмля» (400 га) Петрыкаўскага р-наў. Найб. інтэнсіўна рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—80-я г. ў сувязі з асваеннем Палескай нізіны. Макс. аб’ём прадукцыі Р. атрыманы ў 1989 (20,6 тыс. т), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс. га, садкоў 20 тыс. м²; адна халаднаводная гаспадарка вырошчвае стронгу. Займаюцца Р. таксама калгасы і саўгасы (пл. сажалак 4,59 тыс. га), дапаможныя гаспадаркі прамысл. прадпрыемстваў і інш. Асн. аб’ект Р. — карп, дадатковыя — карась, расліннаедныя рыбы, шчупак, стронга. Вытворчасць складае каля 9,3 тыс. т (2000). Навук.-тэхн. праблемы Р. распрацоўваюць БелНДІ рыбнай гаспадаркі, ін-т заалогіі Нац. АН Беларусі.

Найб. развіта Р. ў Японіі, Кітаі, ЗША, Расіі, Даніі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі (сумарны гадавы аб’ём перавышае 10 млн. т), якія маюць выхад да мораў і акіянаў і буйныя ўнутр. вадаёмы або сажалкі.

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбаводства: 1 — атрыманне палавых прадуктаў ад вытворнікаў; 2 — інкубацыя ікры ў апаратах Вейса; 3 — адлоў малькоў.

т. 13, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Мінскай вобл. Утвораны 6.1.1965. Пл. 2,5 тыс. км². Нас. 41,5 тыс. чал. (2001), гарадскога 25,5%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Салігорск. Уключае г.п. Старобін і Чырвоная Слабада, 168 сельскіх населеных пунктаў, Старобінскі і Чырвонаслабодскі пасялковыя Саветы, 15 сельсаветаў: Акцябрскі, Гаўрыльчыцкі, Гоцкі, Даманавіцкі, Доўгаўскі, Зажэвіцкі, Капацэвіцкі, Пагосцкі, Першамайскі, Рожанскі, Хорастаўскі, Чапялёўскі, Чыжэвіцкі, Чырванадворскі, Яскавіцкі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыпяцкага Палесся, паўн. ч. — на Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Паверхня ў асн. нізінная, 70% яе на выш. 135—150 м, 30% — на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 182 м (на ПнУ ад в. Акцябр). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: калійныя і каменныя солі, торф, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -6,1 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. р. Случ з прытокам Морач, Лань. Салігорскае вадасховішча на р. Случ. Меліярац. каналы: Даманавіцкі, Крывічынскі, Сівельга, Сітня. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (29,4%), дзярнова-падзолістыя (28,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (20,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,7%). Пад лесам 42,2% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя Каля 20% лясоў — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты: Грычына-Старобінскае, Капацэвіцкае. У межах раёна заказнікі мясц. значэння: біял. — Ленінскі, Чырвонаслабодскі, гідралагічны — Святое возера, мікразаказнік па мядзведжай цыбулі (чарамшы) каля в. Савецкая Морач. Ахоўныя тарфянікі: Баравая, Белае балота, Воўчае, Вялікае, Вял. Мох, Вялічкавіцкае, Клініцкае, Лань, Чырвоны Шлях Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Лістападавічы» і «Пагост», ельнік «Залужжа» ў Старобінскім лясніцтве, клён вастралісты ў в. Заўшыцы, дуброва ў Яскавіцкім, 2 дубровы і 2 участкі з насаджэннямі дубу чырвонага ў Лістападавіцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 120,4 тыс. га, з іх асушаных 63,3 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 29 калгасаў, 1 саўгас, 24 фермерскія гаспадаркі, птушкафабрыка «Салігорская», с.-г. прадпрыемства «Зажэвічы». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна-, птушка- і рыбагадоўлі, буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, цукровыя буракі, лён, агародніну, рапс. Прам-сць: дрэваапр. (спальныя матрацы, мэбля, спружынныя блокі, вырабы з драўніны), паліўная (торфабрыкет), харч. (цэльнамалочныя вырабы, кансервы пладова-агароднінныя. сокі), кааператыўная (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі). Лясгас (піламатэрыялы, паркет), рыбгас «Чырвоная Слабада» (карп). Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Салігорск—Слуцк—Асіповічы і аўтадарогі Слуцк—Мікашэвічы, Чырвоная Слабада—Глуск і інш. У раёне 23 сярэднія, 11 базавых, 2 пачатковыя школы, муз. школа, школа мастацтваў, санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 дамы дзіцячай творчасці, рэгіянальны цэнтр прафес. навучання, 8 школ-садкоў, 20 дашкольных устаноў, 3 дамы культуры, 30 клубаў, 11 клубаў-бібліятэк, 6 клубаў сац.-культ. паслуг, 38 б-к, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў. Два краязнаўчыя музеі працоўнай і баявой славы ў в. Хорастава і Чапялі. Помнікі архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (пач. 19 ст.) у в. Чыжэвічы. Выдаецца газ. «Шахцёр».

Г.​С.​Смалякоў, В.​І.​Шчэрбін.

т. 14, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДА,

у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П, паза якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.

У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш. Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.

Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд. г. назад) і прайшло складаны шлях біял. эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл. Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзу арган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл. Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл. Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл. Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл. Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаў рэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс. га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс. га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл. Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл. Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл. Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб. гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл. Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).

Літ.:

Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

В.​С.​Аношка, А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.

т. 13, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)