ЯНЦЗЫ́, Янцзыцзян (Блакітная рака), Чанцзян (Доўгая рака),
самая доўгая рака Кітая і Еўразіі. Даўж. 5800 км, пл. бас. 1808,5 тыс. км². Пачынаецца на У Тыбецкага нагор’я, дзе наз. Муруй-Ус, цячэ ў шырокай забалочанай даліне. Спускаецца з нагор’я, пераразае Сіна-Тыбецкія горы (пад назвай Цзіньшацзян), утварае глыбокія цясніны з парогамі і вадаскатамі (падзенне ракі ў верхнім цячэнні каля 5 тыс. м). У сярэднім цячэнні перасякае паўд. ч. Сычуаньскай катлавіны, ніжэй якой утварае 3 стромкасценныя цясніны. Ніжняе цячэнне (пад назвай Чанцзян) у межах Цзянханьскай і Вял. Кітайскай раўнін, дзе шыр. асн. рэчышча да 2 км, шмат рукавоў, праток. Упадае ва Усх.-Кітайскае м., утварае дэльту (пл. каля 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Ялунцзян, Міньцзян, Цзялінцзян, Ханьшуй (злева). На правым беразе — буйныя азёры Дунтынху, Паянху, Тайху, якія рэгулююць сцёк ракі. Асн. жыўленне ад мусонных дажджоў, у верхнім цячэнні — ад раставання горных снягоў і ледавікоў. Летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады на раўнінах да 10—15 м, у цяснінах да 30—40 м. Сярэдні расход вады ў вусці 34 тыс. м³/с, макс. — да 70—100 тыс. м³/с. У мінулым на Я. былі катастрафічныя паводкі, для аховы ад якіх уздоўж рэчышча пабудаваны дамбы (даўж. 2,7 тыс. км). Уплыў марскіх прыліваў на 700 км ад вусця. Цвёрды сцёк 280—300 млн. т за год. На большай ч. рэчышча воды ракі маюць жоўтае адценне (назва «Блакітная рака», якую далі еўрапейцы, не адпавядае рэчаіснасці). Значныя гідрарэсурсы. Шырока выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). Гэчжоўбаскі гідравузел. Суднаходная на 2850 км (ад падножжа Сіна-Тыбецкіх гор), для марскіх суднаў — ад г. Ухань. Агульная даўж. водных шляхоў у яе бас. каля 70 тыс. км. Рыбалоўства; прамысл. значэнне маюць карп, лешч, кітайскі акунь, таўсталобік і інш. У бас. Я. жыве больш за 1/3 насельніцтва Кітая. Буйныя гарады: Ібінь, Чунцын, Ухань, Нанкін, у дэльце — г. Шанхай.
т. 18, кн. 1, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)