ТРУС Анатоль Міхайлавіч (30.5.1910, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.9.1989),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), студыю БДТ-2 (1931). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (да 1986). У сваёй творчасці працягваў і развіваў лепшыя традыцыі нац. сцэны. Адметны мастакоўскі тэмперамент спалучаў у сцэн. партрэтах сваіх герояў з псіхал. заглыбленасцю, выразным пластычным малюнкам, унутр. засяроджанасцю. Шырокі творчы дыяпазон, мастацтва пераўвасаблення давалі яму магчымасць выявіць сваю індывідуальнасць у разнапланавых ролях (лірычных і сац. герояў, драм., камед., вострахарактарных) у творах розных жанраў. Яркія прыклады рэаліст. і па-мастацку вобразнага раскрыцця змястоўных характараў і тыпаў пададзены ім у класічным і сучасным, у т. л. бел., рэпертуары: Старац («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Мацей («Несцерка» В.​Вольскага), Бондараў («Проба агнём» К.​Крапівы), Полаз, Шыковіч («Крыніцы», «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Крандзялёў («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Макаранка («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Мітрыч («Улада цемры» Л.​Талстога), Андрэй Прозараў («Тры сястры» А.​Чэхава), Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М.​Гогаля), Захар Бардзін, Басаў, Шышкін («Ворагі», «Дачнікі», «Мяшчане» М.​Горкага), Пераяркаў, Пётр («Багна», «Лес» А.​Астроўскага). Сярод інш. значных роляў: Макар («Востраў Алены» Я.​Шабана), Гоша («Цудоўны сплаў» У.​Кіршона), Месны («Фронт» А.​Карнейчука), Карп Карпавіч («Не называючы прозвішчаў» В.​Мінко), Яўмен Дыбенка («Праўда і крыўда» паводле М.​Стэльмаха), Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Маёр («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Эрнст фон Мюлер («Гарачае лета ў Берліне» паводле Дз.​К’юсак).

Літ.:

Гутковіч А. Акцёр сцэнічнага натхнення (А.​М.​Трус) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​І.​Бур’ян.

А.М.Трус.
А.Трус (у цэнтры) у ролі Макара.

т. 15, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)