ЦУРБАКО́Ў Мікалай Іосіфавіч (н. 10.2.1911, г. Гомель — 8.10.1984),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). У 1931—35 акцёр Гомельскага трама, у 1938—41 Бел. т-ра юнага гледача імя Н.​К.​Крупскай, з 1942 Менскага гар., з 1944 Палескага, з 1946 Пінскага, з 1954 Магілёўскага, у 1955—74 Гомельскага абл. драм. т-раў. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Валодаў майстэрствам пераўвасаблення, сцэн. тэмпераментам, ствараў яркі вонкавы малюнак, карыстаўся гратэскавымі фарбамі. Сярод роляў: Канцлер («Цудоўная дудка» В.​Вольскага), Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага) у т-ры юнага гледача; Гарлахвацкі («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Несцерка («Несцерка» Вольскага), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы), Зянон («Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага), Ігнатаў («Таня» А.​Арбузава), Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага) у Пінскім т-ры; Карп Маеўскі («Глыбокая плынь» паводле І.​Шамякіна), Лявон («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Пётр Громаў («Угрум-рака» паводле В.​Шышкова), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Забродзін («Ленінградскі праспект» І.​Штока) у Гомельскім т-ры.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 17, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)