БЭ́ЛЗА (Ігар Фёдаравіч) (8.2.1904, г. Кельцы, Польшча — 5.1.1994),
музыказнавец, кампазітар, літаратуразнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1954). Засл. дз. маст. Расіі (1974). Ганаровы д-р філасофіі Пражскага ун-та (1967), варшаўскай Муз. акадэміі (1986). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1925, клас Б.Ляташынскага), выкладаў у ёй (з 1936 праф.) і ў Маскоўскай кансерваторыі. Музыказнавец-славіст, даследаваў пераважна польск. і чэш. музыку. Аўтар больш як 350 навук. прац, у т. л.кн. пра М.Шыманоўскую, Ф.Шапэна, М.К.Агінскага, А.Скрабіна, А.Пушкіна, А.Міцкевіча. Сярод муз. твораў: 4 сімфоніі; аркестравыя, камерныя і фп. п’есы; рамансы; хары; музыка да кінафільмаў і інш.
Тв.:
История польской музыкальной культуры. Т. 1—3. М., 1954—72;
История чешской музыкальной культуры. Т. 1—2. М., 73;
О славянской музыке: Избр. работы. М., 1963;
О музыкантах XX в.: Избр. очерки. М., 1979;
Исторические судьбы романтизма и музыка;
Очерки. М., 1985;
Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́ННЫ ПАРК,
колькасць вагонаў на пэўнай чыгунцы ці яе падраздзяленні — аддзяленні, станцыі і інш. Паводле прызначэння бывае пасажырскі і грузавы і па сферы выкарыстання — агульнага і спец. прызначэння; паводле тэхн. характарыстык класіфікуюць: па тыпе вагонаў (крыты, паўвагон, платформа і інш.), па колькасці восяў у вагоне, па габарыце і шырыні каляіны (шырока- ці вузкакалейныя), па грузападымальнасці і інш. Адрозніваюць інвентарны (уключае вагоны, прыпісаныя да пэўнай чыгункі) і наяўны вагонны парк (усе вагоны ў межах пэўнай чыгункі незалежна ад месца іх прыпіскі). Наяўны вагонны парк падзяляюць на рабочы (для камерцыйных перавозак) і нерабочы (для гасп. перавозак, перасоўных майстэрняў, вагоны, што знаходзяцца ў рамонце). Асобна вылучаюць рэзервовы вагонны парк, які ўключаецца ў работу ў перыяды масавых перавозак збожжа і агародніны, перакідкі с.-г. тэхнікі і інш. Інвентарны вагоннага парка Беларускай чыгункі на пач. 1996 уключаў больш за 2 тыс. пасажырскіх і каля 36 тыс. грузавых вагонаў. Свае вагонныя паркі маюць метрапалітэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́ АРЭ́Х, рагульнік,
чылім (Trapa),
манатыпны род кветкавых раслін сям. вадзянаарэхавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ў прэсных вадаёмах Еўропы, Азіі і Афрыкі. На Беларусі рэдка (у далінах Дняпра, Прыпяці, іх прытокаў і ў некат. азёрах Паазер’я) трапляецца вадзяны арэх плывучы (T. natans). Расце ў стаячых водах азёр, старыц, рачных заток, утварае зараснікі. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Асобныя месцазнаходжанні ахоўваюцца як помнікі прыроды.
Аднагадовыя травяністыя расліны з плаваючай на паверхні вады разеткай лісця і апушчаным у ваду сцяблом даўж. 60—120 см з відазмененым лінейным перыстарассечаным падводным лісцем. Надводнае лісце скурыстае, з рамбічнай няроўназубчастай пласцінкай. Кветкі дробныя, адзіночныя, у пазухах лісця, белыя. Плод — бурая арэхападобная касцянка з 2—4 рогападобнымі выступамі. Лек. і дэкар. (прыдатныя для аквакультуры), у некат. краінах (Кітаі, Японіі, Індыі і інш.) культывуюцца як каштоўныя харч. (плады ядомыя, багатыя крухмалам, бялком, цукрам, алеем) і кармавыя (у лісці шмат бялку і інш.) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЦЫ́НЫ,
група імунапрэпаратаў з мікраарганізмаў, што выкарыстоўваюцца для стварэння актыўнага спецыфічнага набытага імунітэту людзей і жывёл з мэтай прафілактыкі і лячэння інфекц. і паразітарных хвароб. Уводзяць вакцыны (вакцынацыя, імунізацыя, прышчэпкі) праз рот, дыхальныя шляхі, на скуру, пад скуру, у мышцы і інш. Упершыню вакцыны выкарыстаў у 1796 англ. ўрач Э.Джэнер, які прышчэпліваў людзям для папярэджання ад захворвання натуральнай воспай воспу каровы (адсюль назва).
Адрозніваюць вакцыны інактываваныя карпускулярныя, жывыя карпускулярныя, хім. і анатаксіны. Інактываваныя вакцыны рыхтуюць з мікраарганізмаў, забітых фіз. (награванне) і хім. метадамі, жывыя вакцыны — са спецыяльна аслабленых культур мікраарганізмаў, якія не здольны выклікаць захворванне, але могуць фарміраваць імунітэт. Хім. вакцыны — рэчывы, вылучаныя з бактэрыяльных клетак, маюць асн. кампаненты, якія ствараюць імунітэт. Вакцыны могуць быць прыгатаваны з узбуджальнікаў адной інфекцыі — монавакцыны або ў выніку камбінацыі двух і болей узбуджальнікаў (асацыіраваныя вакцыны). Прынцып прыгатавання і класіфікацыя вакцын супраць хвароб жывёл не адрозніваюцца ад медыцынскіх. Вакцыны выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння больш як 20 інфекц. хвароб жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,
антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах.ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс.чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.Л.Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАЎКА (Gypsophila),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Аўстраліі (1 від). На Беларусі 7 відаў: 2 дзікарослыя — вапнаўка мяцёлчатая (G. paniculata), расце па дарогах і чыгунках, на ўзлесках хваёвых лясоў і дзюнах, вырошчваецца ў культуры, і вапнаўка пучкаватая (G. fastigiata), расце ў сухіх і светлых хваёвых барах, на ўзлесках, мелавых агаленнях і ўздоўж дарог; 2 занесеныя — вапнаўка пранізаналістая (G. perfoliata) і вапнаўка чорнакаранялістая (G. scorzonerifolia), растуць па чыгунках, на сметніках; 3 інтрадукаваныя — вапнаўка зграбная (G. elegans), вапнаўка найвышэйшая (G. altissima) і вапнаўка ціхаакіянская (G. pacifica), растуць у кветніках, садах, часам як здзічэлыя на газонах.
Шмат- і аднагаловыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойным, узыходным і распасцёртым, пераважна моцна разгалінаваным (ёсць шарападобныя, т.зв. «перакаці-поле», і падушкападобныя формы) сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, сядзячае, ад лінейна-ланцэтнага да ланцэтна-яйцападобнага. Кветкі дробныя, белыя, лілова-чырвоныя ці ружовыя, у складаных мяцёлчатых і шчыткападобных суквеццях. Плод — аднагнездавая каробачка. Дэкар., тэхн., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,
дадатная тэктанічная структура на ПдРускай пліты з высокім заляганнем дакембрыйскага фундамента. Ахоплівае тэр.ПдЗеўрап.ч. Расіі, ПнУ Украіны, на У Магілёўскай і ПнУ Гомельскай абласцей Беларусі. Абмежавана на ПнЗАршанскай упадзінай і Жлобінскай седлавінай, на ПдЗ і ПдПрыпяцка-Данецкім аўлакагенам, на У Прыкаспійскай упадзінай і на ПнУ Маскоўскай сінеклізай. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 800 км, шыр. 300—400 км. У скляпеннай ч. паверхня фундамента залягае на глыб. 40—250 м (месцамі выходзіць на паверхню зямлі), на тэр. Беларусі — на глыб. 400 м. Паўн.-ўсх. і ўсх. схілы спадзістыя, паўд.больш стромкія. У межах Беларусі вылучаюцца падпарадкаваныя Варонежскай антэклізе структуры: Суражскі і Грамяцкі пахаваныя выступы, якія падзелены Клінцоўскім грабенам. Платформавы чахол на крылах складзены з асадкавых парод рыфею і венду (на У), дэвону і пярмі — трыясу (на Пд), мезазою і кайназою. Варонежская антэкліза сфарміравалася пераважна ў герцынскі этап тэктагенезу (гл. ў арт.Герцынская складкавасць). Да антэклізы прымеркаваны жал. руды Курскай магнітнай анамаліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁК, валошка (Centaurea),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 550 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 8 дзікарослых (мясцовых і занесеных) відаў: васілёк іберыйскі (Centaurea iberica), лугавы (Centaurea jacea), раскідзісты (Centaurea diffusa), рэйнскі (Centaurea rhenana), сіні (Centaurea cyanus), сонечны (Centaurea solstitialis), фрыгійскі (Centaurea phrygia), шурпаты (Centaurea scaniosa), растуць у лясах, на лугах, у хмызняках, пасевах, на пясчаных мясцінах, пустках і ўздоўж дарог; 10 інтрадукаваных: васілёк мяккі (Centaurea mollis), падбелены (Centaurea dealbata), прыгожы (Centaurea bella), рускі (Centaurea ruthenica), сібірскі (Centaurea sibirica), усходні (Centaurea orientalis), Фішэра (Centaurea fischeri) і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, зрэдку сцябла зусім няма, ёсць формы тыпу «перакаці-поле». Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі рознага колеру, у кошыках (сярэдзінныя трубчастыя або трубчаста-лейкападобныя, двухполыя, краявыя — лейкападобныя). Кошыкі гетэрагамныя, мала- або шматкветныя, адзіночныя ці па некалькі на канцах парасткаў. Плод — сямянка з чубком. Дэкар., лек., тэхн. і меданосныя расліны, некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,
афіцыйная папская бібліятэка ў Рыме. Засн. ў 4 ст. У 1990 у фондах 1,3 млн. адзінак, у т. л. каля 8 тыс. інкунабул і каля 100 тыс. графічных твораў мастацтва. Неаднаразова знішчалася і мяняла месцазнаходжанне (Рым, Латэран, Авіньён). Сучасны выгляд б-ка набыла ў 15 ст. пры папе Мікалаю V, які арганізаваў скрыпторый (майстэрню па перапісванні кніг) і забяспечыў доступ да бібліятэчнага збору шырокай публікі. У 16 ст. папа Сікст V перанёс б-ку ў Ватыканскі палац, дзе яна знаходзіцца і цяпер. У 1911—18 мадэрнізавана А.Рацы (будучы папа Пій XI). Абслугоўвае царк. і навук. ўстановы. У фондах б-кі адна з найбагацейшых у свеце калекцый рукапісаў (больш як 61 тыс. адзінак) і аўтографаў (Фамы Аквінскага, Ф.Петраркі, Т.Таса, М.Лютэра, Мікеланджэла, усяго каля 100 тыс.), каштоўныя прыватныя кнігазборы: шведскай каралевы Крысціны, сем’яў Борджа, Барберыні, Кіджы, Росі. Выдае каталогі спец. збораў, тыражуе фотакопіі і мікрафільмы інкунабул. Пры б-цы 3 музеі.