СТА́ТЫКА (ад грэч. statikē вучэнне пра вагу, раўнавагу),

раздзел механікі, які вывучае ўмовы раўнавагі цел пад уздзеяннем сіл. Адрозніваюць С. цвёрдага цела, С. пругка дэфармаванага цела, гідрастатыку і аэрастатыку.

У С. цвёрдага цела ўмовы раўнавагі сістэм сіл, што дзейнічаюць на яго, знаходзяць пры складанні сіл і замене іх эквівалентнай (звычайна больш простай) сістэмай сіл. Напр., сілы, прыкладзеныя ў адным пункце цела, можна замяніць раўнадзейнай, прыкладзенай у гэтым жа пункце. Умова раўнавагі свабоднага цела — роўнасць раўнадзейнай нулю, а таксама роўнасць нулю геам. сумы момантаў прыкладзеных сіл (гл. Раўнавага механічнай сістэмы). Пры гэтым цела будзе знаходзіцца ў спакоі або рухацца раўнамерна і прамалінейна адносна дадзенай інерцыяльнай сістэмы адліку. Калі цела несвабоднае (да яго прыкладзены сувязі механічныя), то ва ўмовы раўнавагі ўключаюцца таксама сілы рэакцыі сувязей.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)