СТА́РАЦ,

выбарная асоба валаснога самакіравання на тэр. Беларусі да 2-й пал. 16 ст. Існавалі С. ўсёй воласці — пасрэднікі паміж яе насельніцтвам і феадалам-уласнікам або яго прадстаўніком і С. асобных вёсак. С. разам з абшчынай размяркоўвалі павіннасці на канкрэтных выканаўцаў і сачылі за іх выкананнем, збіралі даніну і адвозілі яе гаспадару ўладання, падтрымлівалі парадак, сачылі за станам дарог, мастоў і інш. Выбіраліся на агульных сходах вёскі, воласці і за выкананне сваіх абавязкаў вызваляліся ад павіннасцей, акрамя мядовай даніны. Удзельнічалі ў копных судах, вырашалі межавыя і бортныя спрэчкі паміж сялянамі. У выніку змен сістэмы гаспадарання ў 16 — пач. 17 ст. С. замяняліся войтамі. На ўсх. Беларусі пасада С. захавалася на больш працяглы час.

А.​Б.​Доўнар.

т. 15, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)