СЫРАЕ́ЖКА (Russula),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 280 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі больш за 65 відаў. Найб. вядомыя С.: валуй, балотная (R. paludosa), жоўтая (R. claroflava), крохкая (R. fragilis), пурпурна-чырвоная (R. obscura), харчовая (R vesca), падгруздкі белы (R. delica), чорны (R. adusta) і інш. Трапляюцца з ліп. па вер. у лясах розных тыпаў.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка напачатку пукатая, потым распасцёртая, часта лейкападобная, з завернутым краем і сухой, гладкай, часам слізістай скуркай. Пласцінкі прырослыя або свабодныя. Ножка цыліндрычная, цэнтр., полая. Мякаць звычайна белая, крохкая, шчыльная, у некат. відаў едкая на смак. Споры акругла-авальныя, шыпаватыя, бясколерныя або жаўтаватыя. Ядомая.

Сыраежка: 1 — сіне-зялёная; 2 — едкая; 3 — харчовая; 4 — балотная.

т. 15, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)