СТРА́ЎНІК,

орган стрававальнай сістэмы, дзе адбываецца мех. і хім. апрацоўка ежы ў пазваночных жывёл і чалавека.

Будова С. расліннаедных і драпежных пазваночных жывёл мае свае асаблівасці. У жвачных жывёл складаецца з рубца, сеткі, кніжкі і сычуга. У чалавека С. размяшчаецца пад дыяфрагмай, у левым падрабрынні. Злучаецца са страваводам праз кардыяльную (уваходную) частку. Мае шырокае дно і цела, больш вузкую выходную (піларычную) частку, злучаную з 12-перснай кішкай. Сценка С. мае слізістую (выдзяляе страўнікавы сок), падслізістую, мышачную і серозную абалонкі. Выконвае функцыі назапашвання, мех. і хім. апрацоўкі, правядзення ежы ў кішэчнік; таксама сакраторную, эндакрынную, усмоктвальную. Ёмістасць С. дарослага чалавека да 2,5 л.

А.​С.​Леанцюк.

Страўнік чалавека: 1 — стрававод; 2 — кардыяльная (уваходная) частка; 3 — дно; 4 — цела; 5 — піларычная частка.

т. 15, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)