СЛАВЯНІ́ЗМ, стараславянізм, царкоўнаславянізм,

1) слова, запазычанае са стараславянскай мовы або царкоўнаславянскай мовы. Вызначаецца кніжна-пісьмовай ці ўзвышанай стылістычнай афарбоўкай.

С. пранікалі ў старажытнарускую мову, калі стараслав. мова ці яе звод (варыянты) шырока выкарыстоўваліся на Русі. Шмат С. у старабеларускай мове («блаженства», «бранити», «отвещати»). Фанетычныя прыкметы С.: няпоўнагалоссе (спалучэнні «ра», «ла», «рэ», «ле» паміж зычнымі, якія суадносяцца з усх.-слав. поўнагалоснымі «оро», «оло», «ере», «еле» ў адпаведных каранях: «храбры» — «харобры»; спалучэнні «жд», «шч» у адпаведнасці з усх.-слав. «ж» («дж»), «ч» («отвещати» — «отвечати»).

У сучаснай бел. мове (у адрозненне ад рус. і ўкр. моў) колькасць С. вельмі абмежаваная, а іх стылістычная афарбоўка нейтралізавалася («благаславіць», «уваскрасаць», «храм», «шлем»). У асобных маст. творах сустракаюцца стылістычна афарбаваныя аказіяналізмы («брація», «падзвіжнік» у Я.​Коласа). Да С. набліжаецца кніжная фразеалогія царкоўнаслав. паходжання, якая ўжываецца пераважна ў публіцыстыцы («святая святых», «плоць ад плоці»), У гутарковай мове стылістычна афарбаваныя С. могуць мець іранічнае адценне. Катэгорыя С. для сучаснай літ. бел. мовы мала характэрная.

2) Слова, запазычанае неслав. мовай з якой-н. слав. мовы. Напр., фінскае kuontalo з усх.-слав. *kodelь, рум. bob з паўд.-слав.* bоbъ.

Літ.:

Шахматов А.А. Очерк современного русского литературного языка. 4 изд. М., 1941. С. 70—90;

Замкова В.В. Славянизм как стилистическая категория в русском литературном языке XVIII в. Л., 1975.

А.​Я.​Супрун.

т. 14, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́НІЯ,

самая вял. сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтр. і паўд.-зах. ч. Ціхага ак. паміж Аўстраліяй, Малайскім архіпелагам на З і шырокімі акіянскімі прасторамі на Пн, У і Пд. Размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я і ўмеранымі Паўднёвага. Пл. 1,26 млн. км². Нас. 10,3 млн. чал. (1987). Найбольшыя а-вы Новая Гвінея, Паўночны і Паўднёвы (2 апошнія ўваходзяць у склад Новай Зеландыі) займаюць у сукупнасці каля 80% тэр. Акіяніі. Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію звычайна аб’ядноўваюць з Аўстраліяй; часам вылучаюць як асобную частку свету. У Акіяніі размешчаны дзяржавы (1993): Вануату, Зах. Самоа, Кірыбаці, Мікранезія, Маршалавы Астравы, Науру, Новая Зеландыя, Палау, Папуа — Новая Гвінея, Саламонавы Астравы, Тонга, Тувалу, Фіджы, ч. Інданезіі. Гавайскія а-вы — штат ЗША. Многія а-вы — уладанні Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Чылі.

Паводле прыродных умоў і насельніцтва Акіянію падзяляюць на Меланезію, Мікранезію, Палінезію і Новую Зеландыю. Ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (Бугенвіль, Гаваі і інш.) і нізінныя каралавыя (Маршалавы, Науру і інш.) а-вы. Найб. выш. — 5029 м (г. Джая ў Новай Гвінеі). Гарыстыя а-вы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дугаў геасінклінальнай вобласці зах. ускраіны дна Ціхага ак. У цэнтр. ч. Ціхага ак. — найвыш. вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з Гавайскіх а-воў (у т. л. Маўна-Кеа і Маўна-Лоа, больш за 4000 м); актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі. Радовішчы нікелю і жалеза (Новая Каледонія), фасфатаў (Науру), нафты (Новая Гвінея), золата (Папуа — Новая Гвінея, Фіджы), вугалю (Новая Зеландыя), медзі (Бугенвіль, Новая Каледонія), жал. руды (Новая Гвінея) і інш. Клімат акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экватарыяльны, на Пд субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэднямесячная т-ра на працягу года 26—28 °C, на крайнім Пд ад 16 °C (люты) да 5 °C (жнівень). Ападкаў за год ад 1000 мм на У да 3000—4000 мм і больш на З (асабліва шмат на наветраных схілах гарыстых а-воў, напр., на Гавайскіх а-вах месцамі да 14000 мм). У цэнтр. Акіяніі і на З частыя тайфуны. У гарах Новай Гвінеі і на в-ве Паўднёвы Новай Зеландыі ледавікі. Рэкі кароткія, мнагаводныя, пераважна на буйных а-вах. Глебы чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў — чырвона-бурыя саваннаў, у вільготных раёнах — балотныя і забалочаныя. На наветраных схілах гарыстых а-воў пераважаюць вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, на падветраных — ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саваннаў. На нізінных каралавых а-вах — зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва і інш. Асн. культурныя расліны — сагавыя і какосавыя пальмы, манга, цукр. трыснёг і інш. Фауна Акіяніі — аўстралійскія (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія (дзік) віды; мала млекакормячых, мноства насякомых; каля 650 відаў птушак; шмат эндэмікаў.

Да арт. Акіянія. Паўднёвы востраў. Новая Зеландыя.
Да арт. Акіянія. Вёска ў Папуа—Новай Гвінеі.

т. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́РЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ Рэспублікі Беларусь,

дагаворы (пагадненні, канвенцыі, хартыі, акты, статуты, пакты, мемарандумы, дэкларацыі, пратаколы) паміж Рэспублікай Беларусь і суб’ектам міжнар. права (іншай або некалькімі інш. дзяржавамі ці міжнар. арг-цыяй), якія рэгулююць іх адносіны шляхам стварэння ўзаемных правоў і абавязкаў у паліт., эканам., ваен., гуманітарнай і інш. галінах. Як суверэнная незалежная дзяржава і суб’ект міжнар. права Рэспубліка Беларусь заключае і выконвае дагаворы міжнародныя ў адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі міжнар. права і законамі Рэспублікі Беларусь. Не дапускаецца заключэнне дагавораў міжнародных, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У залежнасці ад узроўню дагаворных бакоў дагаворы міжнародныя падзяляюцца на міждзяржаўныя (заключаюцца ад імя Рэспублікі Беларусь), міжурадавыя (заключаюцца ад імя ўрада), а таксама міжведамаснага характару (заключаюцца мін-вамі і дзярж. к-тамі); адпаведна колькасці бакоў дагаворы міжнародныя бываюць двух- і шматбаковыя. Рашэнні аб правядзенні перагавораў і падпісанні міждзярж. дагавораў міжнародных прымае Прэзідэнт, адносна дагавораў міжнародных міжурадавых і міжведамаснага характару — урад. Прэзідэнт, Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў праводзяць перагаворы і падпісваюць дагаворы міжнародныя без прад’яўлення спец. паўнамоцтваў. Да 1991 Рэспубліка Беларусь як член ААН з’яўлялася удзельніцай 156 двух- і шматбаковых дагавораў міжнародных. На вер. 1997 дагаворна-прававую базу Беларусі складаюць больш за 1680 міждзярж. і міжурадавых дагавораў міжнародных, у т. л. каля 970 шматбаковых і 710 двухбаковых з міжнар. арг-цыямі і 53 краінамі. Найб. значныя з іх: Статуты ААН і Міжнар. суда (Беларусь — удзельніца з 1945), мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй (1947), Статуты Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1948) і ЮНЕСКА і МАП, МАГАТЭ (1957), Сусв. паштовага саюза (1978), Арг-цыі па прамысл. развіцці (1985); Жэнеўскія канвенцыі 1949 (1955), Венскія канвенцыі аб дыпламат. зносінах (1964), аб праве міжнар. дагавораў (1986), аб консульскіх зносінах (1989), Канвенцыі аб прывілеях і імунітэтах Аб’яднаных Нацый (1953), аб заснаванні Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (1970), аб дарожным руху (1977), аб правах дзіцяці (1990), аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі (1993), Еўрап. культурная канвенцыя (1993); Міжнар. пакты аб эканам., сац. і культ. правах (1976), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1976) і Факультатыўны пратакол да яго (1992); Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД, 1991); Статут СНД (1993); Пагадненне аб Мытным саюзе (1995); Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб паглыбленні інтэграцыі ў эканам. і гуманітарнай галінах (1996); Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі і Статут Саюза Беларусі і Расіі (1997); дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Азербайджанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Узбекістанам (усе 1991), Малдовай, Польшчай (1992); Балгарыяй, Румыніяй (1993); Літвой, Расіяй, Украінай (1995); Казахстанам, Турцыяй, Францыяй, Югаславіяй (1996); В’етнамам (1997). Дыпламатычныя адносіны Рэспубліка Беларусь устанавіла са 123 дзяржавамі. У рамках СНД з удзелам Беларусі заключана 696 дагавораў міжнародных. Найб. значную дагаворную базу двухбаковых адносін Беларусь мае з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Казахстанам, Узбекістанам, Кітаем, Латвіяй, Малдовай, Румыніяй, Індыяй, В’етнамам, Іранам, ЗША, ФРГ, Турцыяй, Нідэрландамі, Балгарыяй, Вялікабрытаніяй.

У.​М.​Чушаў.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́, Днепр (стараж.-грэч. Барысфен,

укр. Славуціч),

рака ў Расіі, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. Беларусі і на Украіне; трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе (пасля Волгі і Дуная). Даўж. 2145 км, на Беларусі 689 км, у т. л. на мяжы Расіі і Беларусі 17 км, у Беларусі да Лоева 562 км і 110 км на мяжы Беларусі і Украіны. Пл. вадазбору 504 тыс. км², у т. л. на Беларусі 118 тыс. км². Пачынаецца з невял. балота на Валдайскім узв. (Смаленская вобл., Расія), упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. Вярхоўі вадазбору ў межах Смаленскага ўзв., правабярэжжа сярэдняй ч. верхняга цячэння на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на Пд пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На Пд ад г. Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У вярхоўі даліна добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. ад 50 м да 1,5 км. Рэчышча свабодна меандрыруе. У межах Беларусі даліна пераважна трапецападобная, ніжэй вусця р. Сож невыразная, шыр. ад 800 м да 10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, шыр. яе ад 1 да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Рэчышча на вял. працягу моцназвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найб. выразнымі на ўчастку паміж вусцямі рэк Друць і Сож. За 9 км вышэй г. Орша рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае т.зв. Кабяляцкія парогі, даўж. якіх каля 200 м. У сярэднім цячэнні даліна Д. шыр. 6—10 км. Правы бераг узвышаны і стромкі, абрываецца да ракі. Каля г. Канеў даліна звужаецца да 2 км. Паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа Д. перасякае гранітны масіў, дзе да буд-ва Днепрагэса былі Дняпроўскія парогі. У нізоўях Д. цячэ па Прычарнаморскай нізіне, шыр. поймы 23 км. Асн. прытокі на Беларусі: Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (справа), Ухлясць, Ржаўка, Сож (злева). Сярэдні і ніжні Д. ў асноўным — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Кіеўская, Канеўская, Крамянчугская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская. У сярэднім цячэнні гал. прытокі Рось (справа), Сула, Псёл, Ворскла, Самара (злева); у ніжнім — Базаўлук, Інгулец (справа), Конка (злева). Асноўны сцёк ракі фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с. Ледастаў з снеж. да сак. ў нізоўі і да пач. крас. ў вярхоўі. Воды Д. выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (каналы: Д. — Крывы Рог, Д. — Данбас, Паўночна-Крымскі арашальны). Суднаходны ад вусця да г. Дарагабуж. Д. злучаны з бас. Віслы Дняпроўска-Бугскім каналам, з бас. Нёмана — Агінскім каналам, з бас. Зах. Дзвіны — Бярэзінскім каналам. На правым беразе Д. Канеўскі запаведнік. Асн. гарады: Дарагабуж, Смаленск (Расія), Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца (Беларусь), Кіеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Херсон (Украіна).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Дняпро.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.

Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.​Х.​Вітгенштэйна (каля 23 тыс. чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.​Удзіно (37—40 тыс. чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.​П.​Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.​Ж.​Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.​А.​Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс. чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.

Літ.:

Гл. да арт. Вайна 1812.

В.​В.​Антонаў.

т. 8, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),

вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял. кн. Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял. кн. Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял. паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел. правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ. баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.

Літ.:

Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ТЫ ДЭПУТА́ТАЎ,

выбарныя прадстаўнічыя органы дзярж. улады ў б. СССР і ў Рэспубліцы Беларусь. Фарміруюцца на аснове ўсеагульнага, прамога і роўнага выбарчага права пры тайным галасаванні. Упершыню ўзніклі ў Рас. імперыі ў ходзе рэвалюцыі 1905—07 як самадзейныя выбарныя органы кіраўніцтва рэв барацьбой нар. мас і зачаткі рэв. органаў улады. Іх першай гіст. формай сталі Саветы рабочых дэпутатаў, што напачатку ствараліся для кіраўніцтва стачачнай барацьбой рабочых — у Іванава-Вазнясенску (сход упаўнаважаных дэпутатаў, май 1905), Луганску (лют. 1905), Кастраме (ліп. 1905) і інш. Ў перыяд найвыш. ўздыму рэвалюцыі восенню 1905 Саветы рабочых дэпутатаў узніклі больш як у 50 гарадах Расіі, у т. л. ў Маскве, Пецярбургу, Кіеве, Адэсе, Баку. Адначасова ў Маскве ўзнік Савет салдацкіх дэпутатаў, у Краснаярску — аб’яднаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у Севастопалі — Савет матроскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у Чыце — Савет салдацкіх і казацкіх дэпутатаў, у Навінскай вол Цвярской губ. — Савет сялянскіх дэпутатаў. У Латвіі і Грузіі як Саветы дзейнічалі сял. к-ты. На Беларусі некат. функцыі Саветаў выконвалі Мінскі кааліцыйны савет 1905, кааліцыйная камісія ў Віцебску; падобныя да Саветаў органы і стачачныя к-ты існавалі ў Гомелі, Пінску, Мазыры, Баранавічах, Ваўкавыску, Лунінцы. Ў Саветы ўваходзілі прадстаўнікі ад меншавікоў, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і бальшавікоў. Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў (больш як 200 дэпутатаў), дзе вядучая роля належала бальшавікам, падрыхтаваў і ўзначаліў у горадзе снежаньскую ўсерасійскую палітычную стачку 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанне. Усяго ў ходзе рэвалюцыі 1905—07 узніклі 62 Саветы, многія з якіх у працэсе абвастрэння рэв. барацьбы пачыналі дзейнічаць як органы рэв. улады: арыштоўвалі чыноўнікаў паліцыі, стваралі баявыя дружыны, явачным парадкам уводзілі 8-гадзінны рабочы дзень, свабоду друку і г.д. Пасля паражэння рэвалюцыі 1905—07 Саветы спынілі існаванне. Зноў паўсюдна ўзніклі ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У адрозненне ад Саветаў 1905—07 найчасцей ствараліся аб’яднаныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сак. 1917 у губ., пав. гарадах і прамысл. цэнтрах было каля 600 Саветаў. Існавалі асобныя Саветы салдацкіх дэпутатаў, Саветы сял. дэпутатаў (губ., пав., валасныя). На фронце функцыі Саветаў выконвалі палкавыя, дывізіённыя, карпусныя, армейскія, франтавыя і інш. к-ты (гл. Салдацкія камітэты). У 1-й пал. сак. Саветы створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Оршы, Бабруйску, Мазыры, Полацку, Слуцку, Рагачове, Барысаве. За 2 месяцы пасля Лют. рэвалюцыі на Беларусі створана 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў, 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці [Мінск, 4—7 (17—20).6.1917] выбраў Выканком Заходняга абл. Савета. Паміж пасяджэннямі функцыі абласнога выканкома выконваў Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Гомельскага, Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Аршанскага Саветаў.

Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў [створаны 27.2.(12.3.).1917] фактычна выконваў ролю Усерас. Савета. З яго згоды 2(15).3.1917 сфарміраваны Часовы ўрад. Калі Часовы ўрад і Саветы адначасова выконвалі ўладныя функцыі, устанавілася двоеўладдзе. У першыя месяцы пасля Лют. рэвалюцыі большасць у Петраградскім і ў большасці інш. Саветаў належала меншавікам і эсэрам. Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 было 1429 Саветаў, у т. л. 706 — рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 235 — рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, 455 — сял. дэпутатаў. I Усерас. з’езд сял. дэпутатаў [4(17).5—28.5.(10.6).1917] выбраў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК) Саветаў сял. дэпутатаў; I Усерас. з’езд Саветаў [3(16).6—24.6.(7.7)1917] — Усерас. Цэнтр. выканаўчы к-т (ВЦВК) Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Ліпеньскі крызіс 1917 прывёў да ліквідацыі двоеўладдзя і пераходу рэальнай улады ў рукі Часовага ўрада. Рэв. ўздым у час барацьбы з Карнілава мяцяжом 1917 і роля бальшавікоў у яго разгроме абумовілі працэс бальшавізацыі Саветаў вядучых гарадоў Расіі. З перамогай праведзенай бальшавікамі Кастр. рэвалюцыі 1917, паводле рашэнняў Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10 (7—9.11). 1917], уся ўлада ў краіне перайшла да Саветаў, якія сталі паліт. асновай новай (савецкай) дзяржавы. Расія ператварылася ў рэспубліку Саветаў. Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі большасць Саветаў сял. дэпутатаў была пад уплывам эсэраў. Пад уплывам бальшавікоў Надзвычайны Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў [10—25.11(23.11—8.12)1917] і 11 Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў [26.11—10.12(9—20.12).1917] прызналі ўсе дэкрэты Сав. улады, прынялі рэзалюцыі пра неабходнасць аб’яднаць Саветы рабочых. салдацкіх і сял. дэпутатаў; зліліся Цэнтральныя выканкомы Саветаў сял. дэпутатаў і Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У студз. 1918 III Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў зліўся з III Усерас. з’ездам Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [10—18(23—31).1.1918]. Утварыліся аб’яднаныя Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Пасля стварэння Рабоча-сял. Чырв. Арміі [дэкрэт ад 15(28). 1.1918] яны атрымалі назву Саветы рабочых, сял. і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Канстытуцыя РСФСР 1918, прынятая V Усерас. з’ездам Саветаў (4—10.7.1918), заканадаўча замацавала ўсталяваную сістэму Саветаў; Усерас. з’езд Саветаў — найвышэйшы орган улады РСФСР, абласныя, губ. (акруговыя), пав. (раённыя), валасныя з’езды Саветаў і Саветы гарадоў, пасёлкаў, вёсак. Усерас. з’езд Саветаў збіраўся 2 разы на год і выбіраў ВЦВК — найвыш. орган улады Сав. Расіі паміж з’ездамі. Мясц. з’езды выбіралі выканкомы, якія былі вышэйшымі органамі ўлады на гэтай тэр. паміж з’ездамі; выканкомы выбіраліся ў гарадах і вёсках.

Права выбіраць і быць выбранымі мелі ўсе дарослыя грамадзяне, апрача асоб, якія карысталіся наёмнай працай, служак рэліг. культаў, былых служачых і агентаў паліцыі, жандармерыі, ахоўных аддзяленняў, членаў дома Раманавых. У ходзе грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 меншавікі і эсэры за свае антыбальшавіцкія выступленні былі пазбаўлены права ўдзелу ў Саветах; Саветы сталі аднапартыйнымі, г.зн. трапілі пад поўны кантроль камуніст. (бальшавіцкай) партыі [да 1925 — РКП(б), да 1952 — ВКП(б), у 1952—91 — КПСС]. Пасля ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР) у структуры Саветаў адбыліся змены. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 і канстытуцый саюзных рэспублік вярх. органам дзярж. улады стаў Усесаюзны з’езд Саветаў, паміж з’ездамі — ЦВК СССР; у рэспубліках — з’езды Саветаў і паміж з’ездамі — ЦВК рэспублік. Мясц. органамі ўлады былі: краявыя, абласныя, губ., акруговыя, пав., раённыя, валасныя з’езды Саветаў, паміж з’ездамі — выканкомы. Праз сістэму Саветаў Камуніст. партыя фактычна праводзіла сваю ўнутр. і знешнюю палітыку. Як органы ўлады Саветы, насуперак існуючаму ў многіх краінах прынцыпу раздзялення ўлад, аб’ядноўвалі заканад. і выканаўча-распарадчыя, гасп. функцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 Саветы рабочых, сял. і чырвонаармейскіх дэпутатаў перайменаваны ў Саветы дэпутатаў працоўных, уся сістэма Саветаў рэарганізавана і набыла той выгляд, які з нязначнымі зменамі захавала да канца 1980-х г. Яна падзялялася на вышэйшыя і мясц. органы дзярж. улады. Да вышэйшых органаў належалі Вярхоўны Савет СССР, Вярх. Саветы саюзных і аўт. рэспублік (на Беларусі — Вярх. Савет БССР), да мясц. органаў — краявыя, абласныя, аўт. абласцей, нац. акруг, раённыя, гар., сельскія і пасялковыя Саветы. Усе Саветы ствараліся паводле адзінага прынцыпу дэмакр. цэнтралізму, адрозніваліся толькі аб’ёмам паўнамоцтваў і некат. арганізац. бакамі дзейнасці. Ніжэйстаячыя падпарадкоўваліся вышэйстаячым, былі падкантрольныя і падсправаздачныя ім. Саветы ўтваралі, выбіралі або прызначалі ўсе інш. органы сав. дзяржавы, надзялялі іх адпаведнымі паўнамоцтвамі і кантралявалі іх работу. У складзе Саветаў утвараліся адпаведныя камісіі для кіраўніцтва рознымі галінамі жыцця і гаспадаркі. Саветы не толькі прымалі дзярж. рашэнні, але і ажыццяўлялі іх праз утвораныя імі органы. Канстытуцыя 1936 скасавала абмежаванні выбарчых правоў грамадзян паводле класавага прынцыпу, абвясціла ўсеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні. Як і раней, дзейнасць Саветаў фактычна аб’ядноўвала і накіроўвала Камуніст. партыя, якая праводзіла праз парт. групы, створаныя ў іх, сваю палітыку. У 1930-я г. склалася практыка вылучэння працоўнымі калектывамі па ініцыятыве вышэйстаячых парт. органаў толькі аднаго кандыдата на адно дэпутацкае месца, якая праіснавала да канца 1980-х г. Паводле Канстытуцыі СССР 1977 і прынятых у адпаведнасці з ёй рэсп. канстытуцый, Саветы атрымалі новую назву — Саветы нар. дэпутатаў, павялічаны тэрмін іх дзейнасці: Вярх. Саветаў СССР, саюзных і аўт. рэспублік з 4 да 5 гадоў, мясц. Саветаў — з 2 да 2,5 года. У час перабудовы (1985—91) адбывалася пэўная дэмакратызацыя дзейнасці Саветаў, у прыватнасці, пачалося вылучэнне больш як аднаго кандыдата на адно дэпутацкае месца, намецілася аднаўленне шматпартыйнасці. Закон ад 1.12.1988 унёс змены ў Канстытуцыю 1977, паводле якіх у якасці вышэйшага звяна сістэмы Саветаў уводзіліся з’езд народных дэпутатаў СССР, з’езды нар. дэпутатаў саюзных і аўт. рэспублік (у БССР не праводзіліся); тэрмін дзейнасці мясц. Саветаў павялічваўся да 5 гадоў. З увядзеннем у 1990—91 пасад прэзідэнтаў СССР, Расіі, і некат. інш. саюзных рэспублік роля і значэнне Саветаў у цэлым паменшыліся. З ліквідацыяй у снеж. 1991 СССР сістэма Саветаў у большасці б. сав. рэспублік скасавана (у Расіі — у 1993), замест іх ствараліся новыя вышэйшыя і мясц. прадстаўнічыя органы ўлады. Сістэма Саветаў у рэфармаваным выглядзе захавалася і канстытуцыйна замацавана на Украіне і ў Беларусі.

На Беларусі сістэма Саветаў рэфармавана ў адпаведнасці з Законам БССР «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 20.2.1991, у які ўносіліся змены і дапаўненні ў 1995, 1996, 1997. Мясц. Саветы (акрамя сельскіх) пазбаўлены выканаўча-распарадчых функцый шляхам фактычнага аддзялення ад іх адпаведных выканкомаў, якія падсправаздачныя вышэйстаячым выканкомам і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Саветы зацвярджаюць старшынь выканкомаў, якіх рэкамендуюць на гэтую пасаду старшыні вышэйстаячых выканкомаў, а старшынь абл. выканкомаў і выканкома Мінска — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 Саветы нар. дэпутатаў перайменаваны ў С.д. Да 1996 С.д. Беларусі складалі адзіную сістэму на чале з Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю 1994 па выніках усенар. рэферэндуму 24.11.1996, замест Вярх. Савета створаны новы прадстаўнічы орган улады — Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь. С.д. захаваліся як мясц. прадстаўнічыя органы дзярж. улады на тэр. адм.-тэр. адзінак і асн. звяно мясц. самакіравання. Дэпутаты С.д. базавага ўзроўню (раённыя, гарадоў абл. падпарадкавання) выбіраюць у Савет Рэспублікі Нац. Сходу па 8 дэпутатаў ад кожнай вобласці і Мінска. Больш падрабязна пра дзейнасць мясц. Саветаў Беларусі гл. ў арт. Мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Літ.:

Петриков П.Т. Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально-технической базы коммунизма (1959—1965 гг). Мн., 1972;

Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995.

А.​А.​Галаўко.

т. 14, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПАЎНОЧНААТЛАНТЫ́ЧНАГА ДАГАВО́РУ (North Atlantic Treaty Organization; НАТО),

ваенна-паліт. арганізацыя, створаная на аснове падпісанага 4.4.1949 у Вашынгтоне Паўн.-Атлантычнага дагавору. Першапачатковыя ўдзельнікі: Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, ЗША, Ісландыя, Італія, Канада, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Францыя; пазней далучыліся Грэцыя і Турцыя (1952), ФРГ (1955), Іспанія (1982). Асн. мэты арг-цыі — гарантаванне бяспекі, свабоды і міру краінам-удзельніцам.

На пачатку існавання палітыка НАТО фарміравалася ў атмасферы «халоднай вайны» і гонкі ўзбраенняў, выкліканых узбр. і паліт. процістаяннем ЗША і СССР, НАТО і арг-цыі краін Варшаўскага дагавору 1955. Пасля распаду сацыяліст. сістэмы, СССР і спынення дзейнасці Варшаўскага дагавору (1991) палітыка НАТО істотна змянілася. У 1991 прынята Рымская дэкларацыя аб міры і супрацоўніцтве. Дзеля большай бяспекі ў Еўропе створаны Савет Паўн.-Атлантычнага супрацоўніцтва. У вер. 1994 На сесіі Савета НАТО прынята праграма «Партнёрства дзеля міру», адкрытая для далучэння ўсіх краін Усх. Еўропы (Беларусь далучылася ў 1994).

Вышэйшыя органы НАТО — сесія Савета НАТО і К-т ваеннага планавання, якія збіраюцца 2 разы на год. Паміж сесіямі Савет працуе як Пастаянны Савет НАТО ў складзе пастаянных прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц. Бягучую работу і падрыхтоўку сесій вядзе Міжнар. сакратарыят на чале з Ген. сакратаром НАТО. У ваен арганізацыі НАТО вышэйшы орган — К-т ваен. планавання, выканаўчы — Ваенны к-т, якому падначалены Вярх. штаб аб’яднаных узбр. сіл НАТО. Штаб-кватэра арг-цыі ў Бруселі (да 1967 была ў Парыжы).

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў сацыялогіі,

кірунак у зах. сацыялогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., звязаны са спробамі тэарэт. абгрунтаваць сутнасць і развіццё грамадства на аснове аналогіі з прыродай жывога арганізма. Абапіраючыся на дасягненні біялогіі (клетачнай будовы арганізмаў і эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна), імкнулася, каб сацыялогія заняла прамежкавае месца паміж прыродай чалавека і чалавечым грамадствам. Асобныя прынцыпы такой тэорыі вядомы яшчэ ў сац.-філас. канцэпцыях Платона, Арыстоцеля, Гобса, Мантэск’е і інш. У поглядах Кона і Спенсера ідэя біял. рэдукцыянізму набыла больш выразны сацыялагічны характар. Класічныя прадстаўнікі школы А.​Шэфле (Германія), Р.​Вормс і А.​Эспінас (Францыя), П.​Ліліенфельд (Расія) сцвярджалі, што грамадства і ёсць арганізм, атаясамліваючы чалавека з клеткай, сац. інстытуты з яго органамі (напр., урад з галаўным мозгам, трансп. зносіны з кровазваротам, сувязь з нерв. сістэмай і г.д.). Сац. канфлікты яны зводзілі да хвароб, а іх прафілактыку і лячэнне звязвалі з «сацыяльнай гігіенай». Падобныя аналогіі стваралі бачнасць тэарэт. вырашэння сац. праблем, але не давалі адказаў на шматлікія пытанні, з якімі сутыкаліся і навукоўцы, і практыкі (палітыкі, эканамісты, кіраўнікі і г.д.). Таму да пач. 20 ст. ідэі арганічнай школы саступілі месца больш строгім тэарэт. канцэпцыям, якія арыентуюцца на вывучэнне грамадства як больш складанай і самаст. сістэмы.

Літ.:

Вормс Р. Биологические принципы в социальной эволюции: Пер. с фр. Киев, 1912;

История социологии. Мн., 1993.

Е.​М.​Елсукоў.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)