СЭ́МЮЭЛСАН, Сэмуэльсан, Самуэльсан (Samuelson) Пол Энтані (н. 15.5.1915, г. Гэры, штат Індыяна, ЗША), амерыканскі вучоны-эканаміст. Скончыў Гайдпаркскую вышэйшую школу, Чыкагскі і Гарвардскі ун-ты. З 1940 выкладае ў Масачусецкім ун-це (з 1966 праф.). У 1961—68 дарадчык прэзідэнта Дж.​Кенэдзі па пытаннях эканомікі. Выступаў за выкарыстанне найноўшых матэм. метадаў у агульнай тэорыі і метадалогіі эканам. навукі. У галіне тэорыі эканам. дынамікі сфармуляваў прынцып адпаведнасці, паводле якога стат. прадказанні эканам. мадэлі і яе дынамічныя паводзіны ўзаемазвязаны («Асновы эканамічнага аналізу», 1948). У галіне тэорыі эканам. дабрабыту распрацаваў крытэрыі, па якіх вызначаецца магчымасць павелічэння дабрабыту ў выніку пэўных змен. У навук. працах па праблемах міжнар. гандлю даказаў, што свабодны міжнар. гандаль садзейнічае зніжэнню адрозненняў паміж даходамі ад працы і капіталу ў розных краінах. У галіне дзярж. фінансаў распрацаваў тэорыю дзярж. расходаў, дзе імкнуўся вызначыць аптымальнае размеркаванне рэсурсаў. Аўтар сусветна вядомага падручніка «Эканоміка» (1945). Нобелеўская прэмія 1970.

П.Э.Сэмюэлсан.

т. 15, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)