СЯСЛА́ВІН Аляксандр Мікітавіч (1780 ці 1785, с. Есемава, цяпер с. Сяславіна Ржэўскага р-на Цвярской вобл., Расія — крас. 1858 або 7.5.1857),
герой вайны 1812. Ген.-лейт. (1814). Скончыў артыл. і інж. кадэцкі корпус (1798). Удзельнік рус.-франц. 1806—07 і рус.тур. 1806—12 войнаў. У пач. вайны 1812 ад’ютант ген. М.Б.Барклая-дэ-Толі. удзельнік Смаленскай і Барадзінскай бітваў. З вер. 1812 камандзір кав. партыз. атрада. 28 ліст. яго атрад першы ўвайшоў у Барысаў, захапіў шмат палонных, наладзіў сувязь паміж войскамі П.Х.Вітгенштэйна і П.В.Чычагова; 4 снеж. першы ўварваўся ў Ашмяны, дзе разлічваў захапіць Напалеона I; 8 снеж. беспаспяхова атакаваў Вільню. Са снеж. 1812 флігель-ад’ютант імператара Аляксандра I, камандзір гусарскага палка. Удзельнік замежных паходаў рас. арміі 1813—14. Вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813, за што атрымаў званне генерала. Да 1820 у арміі, потым у маёнтку на радзіме.
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)