на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс.км². Нас. 51,2 тыс.чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-растудз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 ммза год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр.Найб. лясістасць на Пн, З і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр.Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш.Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс.га, з іх асушана 33,5 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.
Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Патэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства пар. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 24,1 тыс.км². Нас. 1249 тыс.чал. (1997), гарадскога 63%. Цэнтр — г.Ліпецк. Найб. гарады: Ялец, Гразі, Данкоў, Лебядзянь, Усмань.
Прырода. Л.в. знаходзіцца ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны, у бас. верхняга цячэння р. Дон. На З — ускраіна Сярэднярускага ўзв. (выш. да 262 м), паверхня хвалістая, парэзана ярамі і лагчынамі; на У — Окска-Данская раўніна (выш. 150—170 м). Карысныя выкапні: жал. руда, вапнякі, даламіты, гліны, пяскі, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 500 ммза год. Гал. рака — Дон з прытокамі Красівая Меча, Сасна (справа), Варонеж з прытокам Матыра (злева). Вобласць размешчана ў зоне лесастэпаў. Глебы пераважна чарназёмныя (тыповыя і вышчалачаныя), па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя, трапляюцца цёмна-шэрыя і шэрыя лясныя глебы. Пераважаюць мяшаныя лясы (7% тэрыторыі). Варонежскі запаведнік (паўн. частка) і запаведнік Галічча Гара.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харчовая. Прадпрыемствы чорнай металургіі працуюць пераважна на жал. рудзе Курскай магнітнай анамаліі, выпускаюць чыгун, сталь, пракат, трубы, ферасплавы. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю трактароў, рухавікоў, станкоў, ліцейнага абсталявання, электратэхн. вырабаў, сантэхнікі, хім.-азотных угнаенняў (на базе коксахім. вытв-сці), гумава-пластмасавых вырабаў, лакаў, смалы, клею. Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ (найб. Ліпецкая). Харч.прам-сць (цукр., масласыраробная, мясная, кансервавая, харч. канцэнтратаў, тытунёвая) перапрацоўвае мясц. сыравіну. Развіта прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, сілікатнай цэглы, жалезабетонных канструкцый і вырабаў). Ёсць прадпрыемствы лёгкай (швейныя, трыкат. і скургалантарэйныя ф-кі) і дрэваапр. (мэблевыя ф-кі) прам-сці. Нар.маст. промыслы: Ялецкія карункі (у г. Ялец), дыванаткацтва (с. Баравое). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 1960 тыс.га, у т. л. ворныя землі займаюць 1640 тыс.га (1996). Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, а таксама махорку. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак мяса-воўнавага кірунку. Птушкагадоўля. Патэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Данбас, Масква—Растоў-на-Доне, Рыга—Валгаград, аўтамагістраль Масква—Ялец—Варонеж. Газаправод Стаўрапаль—Масква. Курорт Ліпецк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (9 6.1881, г. Шаўляй, Літва — 20.8.1919),
бел.паліт. дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст. Брат А.І.Луцкевіча. Вучыўся ў Лібаўскай (Ліепайскай) і Мінскай гімназіях, Маскоўскім археал. ін-це, Пецярбургскім ун-це. Адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў бел.культ.-асв., грамадска-паліт. руху на пач. 20 ст. Удзельнічаў у стварэнні «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», Беларускай сацыялістычнай грамады, газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», выд-ва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых бел. школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), Віленскай бел. гімназіі (1919), Бел.навук.т-ва (1918). Збіральнік і даследчык бел. старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. З А.Луцкевічам, В.Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзярж. самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзярж. уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Бел.Нар. Рэспублікі ў яе этнагр. межах. 3 яго ўдзелам і па яго ініцыятыве пытанне аб нац. самавызначэнні бел. народа ўпершыню прагучала на міжнар. форумах — канферэнцыі сацыяліст. і рэв. партый (Фінляндыя, 1906), Славянскім з’ездзе прагрэс. студэнтаў (Прага, 1908), міжнар. канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Паўплываў на творчы лёс Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага і інш. Аўтар навукова-публіцыст. прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навук. ўжытак помнікі старабел. л-ры 16 ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб» (1920). Памёр у г. Закапанэ (Польшча), перапахаваны ў 1991 у Вільні. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918. № 70 (перадрук Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2);
Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.
Літ.:
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Яго ж. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Мн., 1992;
Станкевіч А. Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай беларускай гімназіі // 25-лецце беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944.
Вільня, 1944; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994; Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983; Гужалоўскі А. Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца: Іван Луцкевіч — збіральнік бел. старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10; Каваль А. [Каўка А.] Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларуска = Albaruthenina. Мн., 1993. Вып. 1; Лабынцаў Ю.А. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́ЛІў біялогіі,
структуры, з’явы, працэсы, якія ствараюцца і выкарыстоўваюцца для мадэліравання біял. утварэнняў, функцый і працэсаў на розных узроўнях арганізацыі жывога: ад малекулярнага да папуляцыйна-біяцэнатычнага. Ствараюцца таксама М. біял. феноменаў, умоў жыццядзейнасці арганізмаў, папуляцый і экасістэм. М. спрашчаюць біял. з’явы і працэсы, але іх стварэнне і выкарыстанне мае вял. значэнне ў развіцці тэарэт. біялогіі, біёнікі, медыцыны і інш. Адрозніваюць М біял.. матэм (логіка-матэм., імітацыйныя) і фізіка-хімічныя.
М. біялагічныя ўзнаўляюць на лабараторных жывёлах пэўныя станы або захворванні, якія сустракаюцца ў чалавека ці жывёл, што дае магчымасць вывучаць у эксперыменце механізмы ўзнікнення, працякання і зыходу стану або хваробы, уздзейнічаць на арганізмы (напр., штучна выкліканыя генет. парушэнні, інфекц. працэсы, інтаксікацыі, злаякасныя новаўтварэнні, гіпер- або гіпафункцыі некат. органаў, неўрозы і інш.). Выкарыстоўваюцца ў генетыцы, фізіялогіі, фармакалогіі. М. матэматычныя — матэм. і логіка-матэм. апісанні структуры, сувязей і заканамернасцей функцыянавання жывых сістэм, якія ўяўляюць сабой ураўненні, што апісваюць працэс ці з’яву. Пры іх стварэнні ў асн. выкарыстоўваюць метады матэм. статыстыкі. сістэмы дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў. Яны будуюцца па выніках эксперыменту або абстрактна, фармалізавана апісваюць гіпотэзу, тэорыю ці заканамернасць біял. феномена, што патрабуе далейшай праверкі эксперыментам (прыклад матэм. М. — фізіял. з’явы — М. узбуджэння нерв. валакна). М. імітацыйныя — логіка-матэм. прадстаўленні сістэм, якія запраграмаваны для рашэння з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій. Такія М. выкарыстоўваюць для мадэліравання ўмоўных рэфлексаў, распазнавання вобразаў, працэсаў навучання. М. фізіка-хімічныя ўзнаўляюць фіз. або хім. сродкамі біял. структуры, функцыі або працэсы і з’яўляюцца далёкім падабенствам біял. з’явы, што мадэліруецца. Больш складаныя М. будуюцца на прынцыпах электратэхнікі і электронікі, напр., электронныя схемы, якія мадэліруюць біяэл. патэнцыялы ў нерв. клетцы, мех. машыны з электронным кіраваннем, што мадэліруюць складаныя акты паводзін (утварэнне ўмоўнага рэфлексу, працэсы цэнтр. тармажэння і інш.). М. фіз.-хім. умоў існавання жывых арганізмаў або іх органаў ці клетак імітуюць унутр. асяроддзе арганізма і падтрымліваюць існаванне ізаляваных органаў або клетак, культывуемых па-за арганізмам. М. біялагічных мембран дазваляюць вы вучаць фіз.-хім. асновы працэсаў транспарту іонаў і ўздзеянне на іх розных фактараў.
Літ.:
Процессы и структуры в открытых системах: Сб. науч. тр.М., 1992;
Биомоделирование. М., 1993;
Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотац. справ.). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,
частка тэр.Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр.б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).
Літ.:
Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧАў Мінску
(да 1954 Круглая плошча). Знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Ф.Скарыны з вул. Захарава і Кісялёва. Займае важнае месца ў арх.-кампазіцыйным абліччы горада. Як арх. ансамбль пачала фарміравацца ў 1939, калі ў адпаведнасці з генпланам Мінска 1932—36 (арх. Ю.Кілаватаў, кансультант В.Вітман) тут пабудаваны 2 дугападобныя ў плане жылыя дамы (завершаны ў 1947, арх. Р.Столер),
павернутыя да цэнтра горада. Далей забудова вялася паводле генплана 1946 (арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг і інш.) і праекта плошчы 1950 (арх. М.Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г.Заборскага і Л.Мацкевіча, 1954). Плошча ў плане — прамавугольнік (225 × 175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на 2 часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — манумент Перамогі, размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы і замыкае перспектыву праспекта Ф.Скарыны і вул. Захарава і Кісялёва. Абапал праспекта, ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Кісялёва, Камуністычнай і Фрунзе, разбіты скверы партэрнага тыпу, уздоўж якіх па 3 жылыя дамы (арх. Баршч, Аранаўскасы, 1950—56), увянчаныя 4-граннымі вежачкамі, з паўд. боку злучаныя паміж сабой ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езда РСДРП, мост цераз р. Свіслач (арх. М.Паруснікаў, Г.Баданаў, 1951—53), а з боку вул. Фрунзе — манум. вароты — уваход у Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (арх. Заборскі, 1953). У 1984 у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й лініі Мінскага метрапалітэна плошча перад манументам перапланавана (арх. Б.Ларчанка, Б.Школьнікаў, К.Вязгін) і стала 2-узроўневай. Пад зямлёй аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з маст. шкла з падсветкай знутры (маст. В.Позняк) — сімвал Вечнага агню. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Сав. Саюза і пласціны з імёнамі 566 вызваліцеляў Беларусі, удастоеных звання Героя Сав. Саюза. Да манумента вядуць ланцужкі невял. гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям і выявамі ўзнагарод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.М.Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.
Літ.:
Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 пан.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 пан.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (паст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКІ́, пратэіны,
прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн.хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл.Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв.прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв.малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.
Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн.біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Пахарч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ.М., 1987;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;
Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр.М., 1990.
У.М.Рашэтнікаў.
Да арт.Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.