ХМА́РЫ,
шляхецкі род герба «Крыўда» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:
Антоній, скарбнік мінскі ў пач. 18 ст. Адам Міхал Станіслаў (22.12.1720—9.6.1805), сын Антонія, мінскі лоўчы з 1748, падчашы з 1756, сакратар малой пячаткі ВКЛ у 1760—65, інстыгатар ВКЛ у 1765—79, мінскі кашталян у 1779—84 і ваявода з 1784; чл. Пастаяннай Рады з 1783. У 1761—82 некалькі разоў выбіраўся паслом на соймы, быў маршалкам Трыбунала ВКЛ у 1785. Ад падканцлера ВКЛ М.Сапегі за службу ў якасці яго падскарбія (1743—52) і сакратара ў 1755 атрымаў маёнтак Сёмкаў Саламярэцкі (цяпер в. Сёмкава) каля Мінска. Вызначаўся ўмелым гаспадараннем, надрукаваў працу па кіраванні маёнткам — «Інструкцыя для аканома». Да 1780 пабудаваў палац, дзе меліся б-ка, архіў, збраёўня. Яўхім, сын Антонія, мінскі падчашы і пісар гродскі з 1765, падстолі з 1772, стольнік з 1780, войскі з 1789. Меў сына Гіпаліта, маршалка мінскага, на сынах якога Яўхіме (?—1868) і Адаме (?—1888) род згас.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 17, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)