ХМЕЛЯВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства па вырошчванні хмелю. Суквецці (шышкі) хмелю маюць эфірны алей, горкія і дубільныя рэчывы і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці піва, дражджэй, лек. прэпаратаў, касметычных сродкаў, лакаў, фарбаў. Сцябло прыдатнае для вытв-сці грубага валакна.

Узнікла ў 10 ст. Пашырана ў Германіі (32% пл. сусв. пасеваў), ЗША (24%), Чэхіі (10%), Кітаі (8%), Японіі, Украіне, Расіі і інш. У 1999 пл. хмельнікаў складала больш за 57 тыс. га, у т. л. ў Еўропе 64%. Вылучаюць 4 групы гатункаў хмелю: А — найлепшы араматычны; В — араматычны; С — які не мае значэння ў піваварэнні; Д — горкі. На сусв. рынку найб. каштоўныя араматычныя гатункі хмелю.

На Беларусі Х. развіта слаба. Вырошчваюць 5 замежных гатункаў, якія мала прыстасаваны да мясц. умоў. Плошча пладаносных хмельнікаў 50 га. Найб. гаспадарка — бел.-ням. прадпрыемства «Бізон» у Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. На патрэбы піваварнай прам-сці хмель імпартуюць пераважна з Чувашыі, дзе сканцэнтравана асн. прамысл. вытв-сць хмелю ў Расіі (2,5—3 тыс. штогод).

Т.​Л.​Казакова.

т. 17, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)