шчыльна самкнутае лінейнае пастраенне цяжкай пяхоты ў Стараж. Грэцыі, Македоніі і Стараж. Рыме. Мела 8—16 (радзей 25) шэрагаў. Спартанская і афінская Ф. складаліся з 8 шэрагаў і налічвалі 8 тыс. воінаў, працягласцю па фронце да 1 км. Македонская Ф. налічвала 16—18 тыс. воінаў і строілася ў 8, 10, 12 ці 24 шэрагі. Македонскі цар Філіп II удасканаліў яе пастраенне: уключыў пелтастаў (прыкрывалі пяхоту з фронту) і кавалерыю (дзейнічала на флангах). Вял. македонская Ф. складалася з 16 384 гаплітаў, 8192 пелтастаў, 4094 коннікаў. Асн. форма дзеяння Ф. — франтальны ўдар, які наносіўся на кароткай дыстанцыі (быў эфектыўны на роўнай мясцовасці і менш паспяховы на перасечанай). З-за маларухомасці Ф. была прыступная на флангах і з тылу. Ф. існавала ў Стараж. Рыме (да ўвядзення больш рухомых маніпул і кагорт) і адрадзілася ў 4 ст.н.э. ў войнах з варварамі.